Справу Яўгена Лівянта рыхтуюць да перадачы ў суд

Вядомы рэпетытар, заснавальнік адукацыйнага цэнтра «100 балаў» быў затрыманы ў канцы снежня мінулага года. З тых часоў ён знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага. За кратамі і сям'я Лівянта.

16.03.2023 / 10:19

Паведамлялася, што Яўген Лівянт удзельнічаў у перакрыцці дарог і масавых парушэннях парадку ў 2020 годзе, а таксама распачаў спробу захопу дзяржаўнай улады, паведамляе «Народная воля».

На днях на тэлеканале АНТ выйшаў сюжэт, у якім Лівянт кажа, што хацеў бы адкруціць усё назад. Ён разглядаў магчымасць звярнуцца ў нядаўна створаную спецкамісію, якая разглядае пытанні вяртання беларусаў з-за мяжы.

«Адукацыя павінна быць па-за палітыкай… — кажа Лівянт у інтэрв'ю АНТ. — Мая прынцыповая памылка заключалася ў тым, што мне не хапіла ў той момант мазгоў. Калі вось гэтыя фатаграфіі 16 жніўня (гаворка ідзе пра фотаздымкі, зробленыя падчас акцый пратэсту ў 2020 годзе) былі зробленыя, мне патэлефанавалі. Я знаходзіўся на мосце, калі мне патэлефанавалі, прадставіліся службай пратаколу, сказалі, што ствараецца каардынацыйная рада з бізнэсменаў і іншых людзей. Мне назвалі імёны двух вядомых бізнэсменаў, ні адзін з якіх, як потым аказалася, не ўвайшоў у Каардынацыйную раду. Я спытаў: А хто там будзе ўдзельнічаць? Мне назвалі два імя. Там быў былы мой вучань, Іван Краўцоў (цяпер ён знаходзіцца за мяжой)…

Маё галоўнае глупства, мая памылка, мая адказнасць у тым, што я прыняў удзел у тым, у чым не разбіраюся.

Мне не хацелася б казаць: вось, мяне, старога ці не вельмі разумнага настаўніка развялі. Гэта мая памылка і мне за яе адказваць. Я з сябе адказнасці не здымаю і перакладаць яе ні на каго не хачу…

Я хачу вярнуцца да сваёй працы, хачу вярнуцца да сваёй сям'і…

Мне павінна было хапіць мазгоў у першую чаргу, разважлівасці, здаровага сэнсу, каб жорстка настаяць на тым, каб ніхто з нас, не толькі я, не браў удзелу ў мітынгу ці акцыях, якія былі забароненыя, супярэчылі беларускаму закону. Я павінен быў гэта зрабіць, але я гэтага не зрабіў. За гэта не прыцягваюць да адказнасці, няма такога артыкула Крымінальнага кодэкса, але ёсць больш страшныя артыкулы. Калі казалі пра сумленне, пра ўнутраныя перажыванні-гэта для мяне вельмі цяжкая гісторыя»»

Падчас сюжэту Лівянт распавядае, што хацеў звярнуцца ў камісію, якая разглядае пытанні вяртання беларусаў з-за мяжы.

«Многія з тых, хто знаходзіцца ўнутры краіны, усё роўна-у месцах зняволення, у СІЗА, яны таксама хацелі б звярнуцца ў гэтую камісію з аналагічнай просьбай»»

Чытайце таксама:

Затрыманы вядомы рэпетытар Яўген Лівянт

Затрымалі і асудзілі дачку Яўгена Лівянта, яго зяця і жонку

Затрыманы саўладальнік адукацыйнага цэнтра «100 балаў» Аляксей Іваноў

Nashaniva.com