Зюганаў панаракаў, што Байдэна, «які спатыкаецца», паказваюць па ТБ часта, а пра Брэжнева маўчаць

Нязменны цягам ужо больш за 30 гадоў лідар расійскіх камуністаў Генадзь Зюганаў на сустрэчы з прэм'ерам Міхаілам Мішусціным раптам выказаў нечаканыя прэтэнзіі на адрас расійскіх прапагандыстаў.

15.03.2023 / 20:10

Леанід Брэжнеў падчас навагодняга звароту да савецкіх дзяцей. Канец 1978 года

78-гадовага Зюганава пакрыўдзіла, што ў нейкай тэлеперадачы прапагандыст Дзмітрый Кісялёў, расказваючы пра абарону Наварасійска ў часы Другой сусветнай вайны, ні словам не згадаў Леаніда Брэжнева, які ў той час там ваяваў. 

«Байдэна, які спатыкаецца, кожны дзень па 10 разоў паказваюць, а тыя, хто разам з Касыгіным стварыў ракетна-ядзерны парытэт і ўсё зрабіў для таго, каб краіна сёння мела добрую катомку за плячыма, бо энергетычны комплекс тады ствараўся», на думку Зюганава, забытыя.

Таксама ён адзначыў як пазітыўны факт тое, што Брэжнеў кіраваў савецкай краінай ажно 18 гадоў. Праўда, прынамсі траціну гэтага тэрміну савецкі лідар быў у такім непрыглядным стане, што ў народнай памяці пра яго менавіта гэты аспект займае ключавое месца.

Nashaniva.com