«Не ведаю, як ён даведаўся пра нас». Мэр Беластоку пад асабістую адказнасць дапамог беларусцы ўладкаваць дачку ў спецшколу

Дзіцячая лекарка Мая Церакулава страціла працу ў Беларусі за сваю грамадзянскую пазіцыю. Яна мусіла з траімі дзецьмі пераехаць у Польшчу, дзе сутыкнулася з шэрагам эмігранцкіх праблем. Уладкаваць дачку ў школу Маі дапамог прэзідэнт Беластоку, піша «Свабода».

15.03.2023 / 15:51

 

39-гадовая Мая Церакулава выхоўвае траіх дзяцей. У 9-гадовай дачкі Евы — аўтызм. Дзяўчынка патрабуе навучання ў спецыялізаванай школе ці інтэграцыйным класе. Мая расказала Свабодзе, як шукала месца для адукацыі дачкі і як ёй дапамог мэр (у Польшчы гэтая выбарная пасада называецца «прэзідэнт». — РС) Беластоку Тадэвуш Трускаляскі.

«Дзіва ў тым, што я не знаёмая з прэзідэнтам гораду, я не пісала яму, не хадзіла на прыём. Я не ведаю, як ён даведаўся пра нашу праблему, але факт у тым, што ён умяшаўся», — кажа доктарка.

Яна больш за месяц хадзіла па розных школах Беластоку, шукала месца для навучання Евы. Усюды атрымала адмову, бо ані ў спецыялізаваных школах, ані ў інтэграцыйных класах не было вольных месцаў. Хадзіла лекарка, паводле яе словаў, і ў дэпартамент адукацыі.

«Хадзіла разам з Евай, бо яе ж няма на каго пакінуць. Такая, ведаеце, жанчына з сумным выглядам, з вельмі дрэннай польскай мовай просіць, каб узялі дачку вучыцца. Але адзінае, чаго мы дабіліся, што Еву могуць узяць на вучобу толькі з верасня ў спецыялізаваную школу. Бо па заканадаўстве ў такім класе можа быць не больш за пяць вучняў. І там ужо ёсць пяць, толькі што ў верасні іх пакіне хлопчык, і Еву абяцалі ўзяць на ягонае месца», -— расказала Мая. 

Жанчына хадзіла ў тым ліку і ў школу «па месцы жыхарства». Там таксама не маглі ўзяць дзяўчынку з асаблівасцямі развіцця, бо не маюць адмыслоўцаў і інтэграцыйным класе.

«Я «азадачыла« дырэктара школы, і ён недзе хадзіў разбірацца. Па выніку мне патэлефанавалі з сакратарыяту спецыялізаванай школы і паведамілі, што дырэктару школы пазваніў прэзідэнт Беластоку і прасіў, каб Еву ўзялі вучыцца цяпер, шостай у клас, пад ягоную персанальную адказнасць. Уявіце, гэта так міла і нечакана для нас! Прэзідэнт гораду пагадзіўся ўзяць на сябе адказнасць за 9-гадовую дзяўчынку», — кажа доктарка.

Такім чынам Ева з 14 сакавіка пачала наведваць спецыялізаваную школу.

«Там маленькая школа, толькі восем класаў. Яна адмысловая, для дзяцей з аўтызмам. Там усё неабходнае ёсць, у тым ліку свой закрыты дворык, пакоі сэнсарнай інтэграцыі, прыязныя настаўнікі», — дадала Мая.

 Яна разам з Евай намалявала для мэра Беластоку паштоўку з падзякай за ягоны клопат.

«Мы хочам паказаць, што мы сапраўды ўдзячныя яму. Цяпер я змагу пайсці працаваць, пакуль Ева будзе вучыцца», — кажа Мая.

Nashaniva.com