У Мелітопалі ўзарвалі машыну з яшчэ адным калабарантам

У цэнтры акупаванага расійскімі войскамі Мелітопаля Запарожскай вобласці прагрымеў моцны выбух. Быў падарваны аўтамабіль мясцовага калабаранта Івана Ткача, які арганізоўваў перавозку наймітаў «Вагнера» і УС РФ да лініі фронту ў Запарожскай вобласці, паведамляе «Украінская праўда». Сам Ткач загінуў пры выбуху.

14.03.2023 / 23:23

Фота: РІА Мелітопаль

Выбух адбыўся ў двары жылога дзевяціпавярховіка і спачатку СМІ паведамлялі, што забіты нейкі «чыноўнік». Што гэта за чыноўнік, называліся розныя версіі.

Урэшце крыніцы «Украінскай праўды» ў СБУ паведамілі, што гаворка ідзе пра Івана Ткача, якога з пачатку верасня 2022 года акупанты прызначылі на пасаду дырэктара «муніцыпальнага ўнітарнага прадпрыемства «Гарадскі транспарт» вайскова-грамадзянскай адміністрацыі горада Мелітопаль».

У СБУ таксама расказалі, што з пачатку сакавіка 2022 года, то-бок ад самага пачатку вайны Ткач ініцыятыўна заняўся арганізацыяй гарадскіх пасажырскіх перавозак. Ён наладзіў транспартныя зносіны з Крымам, Данецкай і Луганскай абласцей, пра што адкрыта паведамляў у прапагандысцкіх відэа. Пры гэтым ён таксама займаўся арганізацыяй перамяшчэння асабовага складу УС РФ з Данецкай, Херсонскай абласцей і Крыма ў Запарожскую вобласць і назад. 

Nashaniva.com