У мінскім аэрапорце затрымалі нігерыйца з фальшывым пашпартам Ганы, які прыехаў гуляць у футбол

Уначы 11 сакавіка ў Нацыянальным аэрапорце Мінск памежнікі затрымалі нігерыйца, які прыбыў у Беларусь рэйсам «Стамбул-Мінск», паведаміў Дзяржаўны памежны камітэт. Аказалася, што ў госця з Афрыкі ўсё вельмі заблытана.

14.03.2023 / 19:52

Фота: скрыншот з відэа

Для праходжання пашпартнага кантролю афрыканец падаў пашпарт грамадзяніна Ганы, аднак памежнікі выявілі ў ім падробку — старонка з установачнымі звесткамі была заменена.

Як высветлілася, мужчына падрабіў дакумент, змяніўшы свой узрост, каб прафесійна займацца футболам у сябе на радзіме. А ў Беларусі ён нібыта планаваў працягнуць кар'еру гульца — у якім клубе, не ўдакладняецца.

Сапраўдны пашпарт мужчыны, грамадзяніна Нігерыі, знайшлі ў ягоных асабістых рэчах. Цяпер нігерыец знаходзіцца ў ізалятары ГУУС Мінгарвыканкама, яму пагражае і адміністрацыйная, і крымінальная адказнасць.

Nashaniva.com