У Слуцку чалавека асудзілі на тры гады «хатняй хіміі» і штраф. Падобна, што па «справе Зельцэра»

У Слуцку мясцовага жыхара асудзілі за «абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, зробленае ў інфармацыі, размешчанай у глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт», паведамляе мясцовая раёнка «Слуцкі край».

14.03.2023 / 18:00

Паведамляецца, што абвінавачаны ў верасні 2021 года на персанальнай старонцы ў сацыяльнай сетцы «Укантакце» размясціў каментаў у дачыненні да супрацоўніка Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, «які негатыўна ацэньвае яго, тым самым абразіў прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў».

Улічваючы, што гэты мужчына мае на ўтрыманні чацвярых малалетніх дзяцей, суд прызначыў яму на падставе арт.369 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін 3 гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу са штрафам у памеры 100 базавых велічынь. 

Ні прозвішча абвінавачанага, ні прозвішча абражанага кадэбэшніка ў артыкуле раёнкі не называецца, але з тэрміну, калі было здзейснена інкрымінаванае дзеянне, і з іншых агульных абставін справы падобна, што мужчыну асудзілі па «справе Зельцэра», а ягоныя крытычныя каментары тычыліся загінулага падчас перастрэлкі ў мінскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка.

Чытайце таксама:

«Вясна»: Па «справе Зельцэра» ў Беларусі асуджаныя 114 чалавек, 99 з якіх — да пазбаўлення волі

Nashaniva.com