Пракуратура знайшла тавары з нацысцкай сімволікай у каталозе Wildberries

Пры маніторынгу гандлёвых анлайн-пляцовак пракуратура Гомельскага раёна выявіла на сайце крамы Wildberries тавары, якія ўтрымлівалі нацысцкую сімволіку, паведамляе прэс-служба Генпракуратуры.

13.03.2023 / 20:07

У прыватнасці, устаноўлена, што асобныя прадаўцы рэалізоўвалі налепкі, падвескі і шаўроны з эмблемай «Чорнае Сонца».

«Згодна з п. 12 дадатку да Пастановы Міністэрства ўнутраных спраў ад 28 кастрычніка 2022 года «Аб устанаўленні пералікаў арганізацый і іншых структур, нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі» эмблема «Чорнае Сонца» з'яўляецца нацысцкім сімвалам. Гэта разнавіднасць «сонечнага кола», якое выкарыстоўвалася ў нацысцкай Германіі. Эмблема складаецца з 12 радыяльных рун «зіг», падобных на сімвалы, якія выкарыстоўваюцца ў эмблеме СС», — растлумачылі ў ведамстве.

З улікам таго, што падобныя тавары могуць быць рэалізаваныя нявызначанаму і неабмежаванаму колу асоб і выкарыстаныя імі ў мэтах «рэабілітацыі нацызму», пракуратура запатрабавала ад інтэрнэт-крамы Wildberries выключыць гэтую прадукцыю з каталога.

Nashaniva.com