«Новыя сукамерніцы Вольгу пабойваліся». Што вядома пра маладую супрацоўніцу гатэля, якую вінавацяць у спробе захопу ўлады

Вольга Пятух — адна з 18-ці фігурантаў справы, звязанай са спробай падпалу дома Гайдукевіча. На судовым працэсе 29-гадовая жанчына выглядае спакойнай і ўраўнаважанай. Былая сукамерніца Вольгі распавяла, як да той рэгулярна адпраўляюць падсадных, каб тыя выведалі дэталі справы, па чым яна іх вылічвае і якія прынцыпы дазваляюць выжыць за кратамі.

13.03.2023 / 12:49

Вольга Пятух на судзе

Віну не прызнае, з сукамернікамі асцярожная і абачлівая

Былую супрацоўніцу гасцініцы «Еўропа» Вольгу Пятух абвінавачваюць па 5 крымінальных артыкулах, сярод якіх «тэрарызм», «змова для захопу дзяржаўнай улады», «гвалт у адносінах да супрацоўніка органаў унутраных справаў». Яе схапілі 13 жніўня 2021 году і ўтрымліваюць у СІЗА-1. Сваёй віны жанчына не прызнае. Якую ролю ёй адвяло КДБ у справе, звязанай са спробай падпалу дома Гайдукевіча, пакуль няясна. У ёй фігуруе багата былых сілавікоў.

Былая нявольніца Валадаркі, якая папрасіла аб ананімнасці, прасядзела з Вольгай Пятух у адной камеры амаль чатыры месяцы і стала з ёю блізкай сяброўкай. Па яе словах, Вольгу вылучае высокая самадысцыпліна, штодзённыя заняткі спортам, клопат пра знешні выгляд.

«Мяне прывялі ў камеру, калі зняволеныя былі на прагулцы. Вольга зайшла ў камеру апошняй. Яе заўжды з прагулкі прыводзілі апошняй. Яна кінулася ў вочы рудымі даўгімі валасамі, прыгожай постаццю ды натрэніраваным целам. Знешнасцю Вольга чапляе людзей», — згадвае яе былая сукамерніца.

Вольга некалькі тыдняў прыглядалася да новай суседкі, трымала яе на дыстанцыі, камунікавала асцярожна.

Вольга Пятух за два месяцы да арышту. Фота: сацыяльные сеткі

«Да новых людзей яна заўжды ставіцца асцярожна, бо да яе часта падсаджвалі «качак», якія спрабавалі выпытаць, што яна думае пра справу, чаму не прызнае віну, ці звернецца па памілаванне, калі яе асудзяць. Вольга наогул нікому нічога не казала пра справу».

Былая сукамерніца расказвае, як яны вылічвалі падсадных.

«Па паводзінах бачна, што за чалавек. Калі звяртаецца да ўсіх з адным пытаннем і не адзін раз, яе адганяюць, маўляў, не хочам гаварыць, а яна назойліва працягвае выпытваць, то становіцца зразумела, хто яна. Такіх людзей часта выклікаюць з камеры на некалькі хвілін, каб, нібыта, паведаміць пра нейкі рапарт, але ўсе ведаюць, што гэты чалавек нічога не парушаў, каб на яго склалі рапарт. Гэта выдавала падсадную».

Жартам называлі наглядатай за кіпячай вадою

Былая палітзняволеная заўважае: нават у судовай клетцы Вольга сядзіць прыбраная: валасок да валаска, акуратныя бровы.

«За кратамі маладая жанчына робіць усё, каб вярнуць хоць нейкую нармальнасць жыцця.

Вольга штодня рабіла практыкаванні на прэс, ела па гадзінах, пільнавала, што есці і колькі, таму добра выглядае», — згадвае суразмоўніца.

Вольга казала ёй, што на волі ніколі не займалася спортам, бо на яго бракавала часу. Незадоўга да таго, як яе схапілі, стала хадзіць на заняткі баявых адзінаборстваў.

«З-за натрэніраванага цела новыя сукамернікі Вольгу пабойваліся. Яна жартам казала, што яе вінавацяць у нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Вольга напраўду выглядае так, што страшнавата падыходзіць, здавалася, што ў яе дужая хватка. Сама яна казала, што да няволі так не выглядала. Мы жартам называлі яе наглядатай за кіпячай вадою. Раніцай яна падымалася першай, каб згатаваць дзяўчатам гарбату».

Не думае, што на волю выйдзе датэрмінова

Вольга працяглы час рабіла арт-дырэктарам мінскага гатэля «Еўропа», і гэтая праца ёй падабалася. Яна любіць танцаваць. Калі быў час, то завітвала на вуліцу Зыбіцкую. Маладога чалавека ў яе не было.

Вользе ў лістах родныя дасылалі фотаздымкі, і за час няволі іх набраўся цэлы стос.

«Вольга паказвала на здымках сваю сям’ю, дом, вяселле сястры. Нашы гутаркі яна называла ціўканнем. Перад маімі судамі я прыходзіла да Вольгі абдымацца. Мне здавалася, што без мяне ёй будзе адзінока», — расказвае яе былая сукамерніца.

Вольга Пятух. Фота: сацыяльные сеткі

Вольга перажывае за бацькоў, а, расчуліўшыся, наракае, што ў яе самой няма сям’і і што была кар’ерысткай. Але такія моманты былі дужа рэдкімі.

«Калі ёй вешалі новыя артыкулы ці даводзілі, што яе віна цалкам даказаная, то яна адказвала: гэта нейкі сюр, як на гэта можна рэагаваць, бо тое не праўда».

Вольга стараецца не думаць, што на волю выйдзе датэрмінова.

«Усе спадзяюцца, што іх выпусцяць раней, але калі там сядзіш, то табе здаецца, што ўжо ніколі нічога не зменіцца, — заўважае суразмоўніца. — Таму Вольга не верыць, што выйдзе праз 2 ці 3 гады. Маральна яна сябе рыхтуе, што будзе сядзець увесь тэрмін.

Гэта слушна. Калі яе выпусцяць праз 2 гады, то гэтаму будзе вельмі рада. Але калі яна будзе спадзявацца, што яе выпусцяць праз два ці тры гады і таго не адбудзецца, то ёй маральна будзе дужа цяжка».

Аднаго погляду хапала, каб чалавек змоўк

Былая палітзняволеная кажа, што паводзіны ахоўнікаў да зняволеных жанчын былі карэктнымі. Паводле яе, калі да іх ставішся без агрэсіі і стараешся не прыцягваць да сябе ўвагі, то і яны будуць адэкватнымі. Такая методыка працуе з жаночымі камерамі.

Па яе словах, ахоўнікі за 19 месяцаў вывучылі Вольгу і без нагоды стараліся не чапаць.

«Яна можа пастаяць за сябе, даць адпор. Ейнага погляду хопіць, каб чалавек змоўк і адчапіўся. Калі ёй нешта было не да спадобы, то яна глядзела халодным позіркам, сур’ёзным, нават ледзяным. Неяк у нас была дзяўчынка, якая ўсім не падабалася, дык на яе часам Вольга так глядзела. Я бачыла яе вочы. Яны былі не злыя, але дужа халодныя».

Вольга Пятух. Фота: сацыяльные сеткі

Калі ў невялікай камеры было шасцёра нявольнікаў, то яны ўжываліся між сабою. У іх быў адладжаны быт.

«Чалавек да ўсяго прызвычайваецца. Першыя два тыдні табе здаецца, што ты не зможаш у такіх умовах жыць. Праз месяц абстаноўка ўжо выглядае не кепскай», — кажа суразмоўніца.

«У нас была халодная вада. Штодзень мылі падлогу, прыбіралі туалет. Па чарзе мылі рэчы ў тазу. Штовечар хадзілі ў «душ», які мы называлі СПА. Гэта значыць мыліся ва ўмывальніку ў халоднай вадзе. Намыльваліся губкамі для мыцця посуду. Яны добра пеняцца і не шмат даюць вільгаці. Імі было добра з сябе сціраць пену. Гэта было зручна для тых умоў. У кожнага была свая губка».

Даўно не была ў людскіх умовах і звыклася да нявольніцкіх рэаліяў

Штотыдзень нявольнікаў камерамі вадзілі ў душ, які называўся «баняй». На памыўку адводзілася 15 хвілінаў. Вада цякла з трубы струменем.

«Вольга так даўно не была ў нармальны людскіх умовах, што звыклася да нявольніцкіх рэаліяў, — тлумачыць суразмоўніца. — Калі доўга там сядзіш, то забываеш, што чалавек мусіць хадзіць адзін-два разы на дзень у душ. Падладжваешся, звыкаешся з рэальнасцю, маўляў, было іншае, альбо і яго не было наогул. Размываюцца межы. Гэта абаронная рэакцыя мозгу, каб не зʼехаць з глузду. Каб не думаць, што ты зрабіў бы, каб быў на волі. Так троху лягчэй».

Вольга ў няволі беражэ свае даўгія валасы.

«У няволі валасы на вагу золата. Мне здавалася, што Вольга расціць касу, каб выйсці на волю з густой касой па пояс».

Шконку лічыць асабістай прасторай і не дазваляе садзіцца на яе

У верасні 2022 году шасцімесная камера станавілася перапоўненай. У ёй было 7-8 нявольнікаў. 

«Мы не ведалі, як ужывацца, што рабіць для гэтага. Некаторыя спалі на падлозе. На шконках ніжняга ярусу пастаянна нехта сядзеў. На маёй сядзелі заўжды, бо яна была зручная. Вольга не дазваляла сядзець на сваёй, бо лічыла яе сваёй асабістай прасторай. Выключэнне было толькі для мяне», — расказвае дзяўчына.

Выжываць у перапоўненай камеры было маральна цяжка.

«Калі ў цябе няма двух квадратных метраў асабістай прасторы, то гэта напружвае, не дае спакою. Нам не хапала паветра. Было праблематычна захоўваць рэчы. Запарваць гарбату. Ад таго не было куды падзецца. Калі паток зняволеных скончыўся, то жыццё ў нашай камеры нармалізавалася», — расказвае былая зняволеная.

Вользе адмовілі ў спатканні з бацькамі. Паездкі на судовыя пасяджэнні яе стамляюць.

***

18-ці фігурантам справы, звязанай са спробай падпалу дома Гайдукевіча, выстаўленыя абвінавачванні па 14 крымінальных артыкулах. Сярод іх «змова для захопу ўлады», «тэрарызм», «стварэнне экстрэмісцкага фармавання», «гвалт у адносінах да дзяржаўнага і грамадскага дзеяча», «незаконныя дзеянні са зброяй і боепрыпасамі». Падсудным пагражаюць працяглыя тэрміны зняволення.

Судовае пасяджэнне па справе «аб спробе падпалу дому Гайдукевіча»

Паводле КДБ, дом Гайдукевіча збіралася падпаліць сям’я Вайцехоўскіх: сужэнцы Віталь і Вольга, іх сын Уладзіслаў і яго жонка Анастасія.

Сярод зняволеных таксама Павел Чыхінскі — 44-гадовы следчы з Баранавічаў, 39-гадовы Эдуард Пястрак — інструктар спецназа, 35-гадовы былы сілавік Арцём Ярмак, які, нібыта, падказваў, Вайцехоўскім, як падпаліць дом Гайдукевіча.

51-гадовага Вадзіма Пракоп’ева, былога мінскага рэстаратара, а цяпер грамадскага дзеяча і палітыка судзяць завочна. 

Справай займалася КДБ. Мінскі суд разглядае справу з 6 сакавіка.

У цяперашняй яе версіі асноўны фігурант справы экс-рэстаратар Вадзім Пракоп’еў нібыта збіраўся захапіць уладу, стварыўшы групоўку змоўнікаў, размеркаваўшы між імі абавязкі і падчас выбараў збіраўся дзейнічаць. 

Чытайце таксама:

«Змова сілавікоў»: хто тыя афіцэры, якіх судзяць разам з Пракоп'евым
«Літва страціла суверэнітэт», «Польшча лягла пад Байдэна», «Украіны няма». Дэпутат Алег Гайдукевіч прыйшоў да абсурдных высноў на тэлебачанні
Вадзіма Пракоп’ева абвясцілі ў вышук. Хто яшчэ ў спісе?

Nashaniva.com