Расійскія страты на вайне з Украінай б'юць рэкорды

За апошнія два тыдні на вайне з Украінай загінулі 1638 расійскіх вайскоўцаў і наймітаў ПВК «Вагнер». Гэта рэкордныя страты за ўвесь час падлікаў, якія вядуць «Медыязона», Бі-бі-сі і каманда валанцёраў.

11.03.2023 / 19:48

Фота ілюстрацыйнае

«Медыязона» сцвярджае, што найбольшы прырост загінулых — у ПВК «Вагнера», а найбольшыя страты зафіксаваныя сярод зняволеных, завербаваных кампаніяй на чале з Яўгенам Прыгожыным у калоніях. На дадзены момант вядома 1849 імёнаў загінулых былых зняволеных.

Агульная колькасць расійскіх загінулых з пачатку вайны, паводле звестак, якія ўдалося верыфікаваць, склала 16 774 чалавек.

Галоўным напрамкам для расейскіх войскаў па-ранейшаму застаецца Бахмут, піша выданне. Журналістам вядомыя імёны 800 чалавек, якія загінулі там.

Пры гэтым колькасць пацверджаных расійскіх страт, імёны якіх вядомыя, яўна не адлюстроўвае іх рэальны ўзровень, які можа быць большым у некалькі разоў.

Больш за ўсё «пахаронак» прыходзіць у Свярдлоўскую і Чэлябінскую вобласьці, Башкірыю, Бурацію і Дагестан. Вялікая колькасць паведамленняў аб гібелі выхадцаў з Краснадарскага края сярод іншага тлумачыцца тым, што тут валанцёры абыходзяць могілкі і фатаграфуюць магілы вайскоўцаў.

Чытайце таксама:

Пад Луганскам выяўленыя новыя пахаванні: магчыма, гэта магілы байцоў групы «Вагнер». Ёсць адзін беларус

Nashaniva.com