Мужчыну, які параніў міліцыянера нажом, можа пагражаць смяротнае пакаранне

МУС расказала пра абставіны нядаўняга нападу на міліцыянера ў Мінску, калі той у адказ прымяніў табельную зброю. Супрацоўнік міліцыі цяпер знаходзіцца ў шпіталі, а на нападніка заведзеная крымінальная справа.

09.03.2023 / 18:19

Інцыдэнт адбыўся 6 сакавіка. Па версіі міліцыі, на лінію «102» паступіў званок ад мінчанкі, якая паведаміла, што былы муж пагражае ёй з-за падзелу маёмасці.

Нарад міліцыі, як сцвярджае прэс-служба МУС, выбыў на месца. Падчас разбіральніцтва мужчына выхапіў кухонны нож, які быў пры ім, і нанёс ім некалькі ўдараў супрацоўніку міліцыі. Той у адказ стрэліў на паражэнне з табельнай зброі. Як сцвярджае МУС, гэта было «правамернае і рашучае» дзеянне з боку міліцыянера, накіраванае на абарону не толькі сябе, але і заяўніцы ды напарніка. У якім стане знаходзіўся мужчына падчас інцыдэнту, нічога не паведамляецца.

Пацярпеламу міліцыянеру ўсяго 18 гадоў. Ён, як кажуць, толькі нядаўна прайшоў першапачатковую падрыхтоўку, а цяпер знаходзіцца ў шпіталі.

Супраць нападніка заведзеная крымінальная справа за замах на забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў. Яму пагражае да дваццаці пяці гадоў пазбаўлення волі, пажыццёвае зняволенне, а можа быць прысуджана нават смяротнае пакаранне.

Пры гэтым нельга выключаць, што гэтую нібыта бытавую справу могуць выкарыстаць і ў палітычных мэтах, паколькі ў паведамленні прэс-службы МУС акцэнтуецца, што раней абвінавачаны прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за абразы прадстаўнікоў улады, а ў 2020 годзе актыўна ўдзельнічаў у пратэстах. 

Чытайце таксама:

У Мінску паранілі нажом міліцыянера, той у адказ страляў

Nashaniva.com