Расійскі блогер Варламаў паведаміў аб змене грамадзянства на туркменскае і пераездзе ў гэту краіну. Нечакана ўсе павяліся

Учора блогер Ілля Варламаў паведаміў у сацсетках аб сваім намеры пераехаць у Туркменістан. Навіну пра нэта напісалі розныя СМІ.

09.03.2023 / 11:31

«Цяпер гэта ўжо не сакрэт. Некалькі гадоў таму я ўвязаўся ў даволі незвычайную гісторыю. Сёння ў амбасадзе ў Стамбуле я прыняў грамадзянства Туркменістана і, нарэшце, атрымаў пашпарт», — напісаў Варламаў. Ён таксама дадаў, што бліжэйшым часам будзе займацца пераездам.

«Глядзіце і зайздросціце, я грамадзянін… Наперадзе складаны пераезд і шмат цікавага кантэнту», — дадаў блогер.

Сёння іншы блогер Максім Кац звярнуўся да Варламава па тлумачэнні. Выявілася, што ён быў першым, хто пацікавіўся каментаром Варламава.

«На жаль, я занадта моцна перавярнуў каляндар і думаў, што сёння 1 красавіка, а не 8 сакавіка. І ўжо думаў выдаляць гэты жарт, які зацягнуўся, але потым з цікавасцю пачаў назіраць, што ні адзін журналіст, які напісаў пра гэта, не знайшоў час напісаць мне ці патэлефанаваць, каб узяць каментар. Ніхто нават не адкрыў правілы атрымання туркменскага грамадзянства. Падобна, навіна пра тое, што Варламаў адпраўляецца ў Туркменістан была такая добрая, што яе вырашылі не псаваць удакладненнямі.

Але калі б я сапраўды атрымаў туркменскае грамадзянства, то мяне хвалявала б цяпер толькі адно пытанне: мяне адразу павесяць або будзе суд?» — адказаў Варламаў Кацу.

За фільм «Забаронены Туркменістан» Варламаву ў 2016 годзе пагражалі адрэзаць галаву. У 2021 годзе ён зняў яшчэ адзін фільм пра Туркменістан — з цыклу «30 гадоў без СССР». У двухгадзінным фільме распавядаецца пра аўтарытарныя рэжымы Сапармурата Ніязава і Гурбангулы Бердымухамедава, пра праблемы жыхароў краіны і туркменскіх актывістаў, якіх улады краіны пераследуюць нават за мяжой.

Nashaniva.com