У кнізе ўспамінаў пра кардынала Свёнтэка такая розная стылістыка беларусаў і замежнікаў

Кардынал Свёнтак трымаўся як падкрэслена звычайны чалавек, нават у сане кардынала жыў у сціплай хатцы ў Пінску. З адчайна незвычайным лёсам: асуджаны Саветамі на смерць, ён не проста выжыў, а дажыў да адраджэння Касцёла. Ëн быў зацята кансерватыўным у пытаннях веры — і пры гэтым вельмі, як кажуць на Палессі, «лётным». Рассякаў на сваім матацыкле «Іж», аж пакуль нязломныя касцёльныя бабулькі ў яго гэтага жалезнага каня не адабралі. Кніга пра кардынала цікавая, аднак, не толькі апавяданнем пра жыццё гэтага звычайнага незвычайнага чалавека, але і тым, як па-рознаму ўспамінаюць яго іншаземцы і беларусы.

25.04.2023 / 12:59

Кардынал Казімір Свёнтак быў чалавекам з жыццёвым лёсам, пра які, калі зняць пра яго кіно, чужыя людзі сказалі б: ну не, у жыцці так не бывае.

Саветы арыштавалі яго ў 1941 годзе, абвінавацілі ў шпіянажы (вядома ж, ніякім шпіёнам ён не быў, проста вынішчалі «варожых элементаў»), вынеслі смяротны прысуд. 26-гадовы, па цяперашніх мерках яшчэ юнак, ён сядзеў у камеры смяротнікаў у Брэсце. Кожную ноч роўна апоўначы ў гэтым канцы вязніцы адчыняліся дзверы, і некага — вязні не ведалі, чыя чарга — выводзілі на расстрэл. Але напалі немцы, НКВДшнікі разбегліся, жыхары Брэста, наадварот, збегліся і павыпускалі вязняў. У першыя дні вайны Саветы расстралялі тысячы зняволеных з турмаў Луцка, Глыбокага, Мінска, Львова — тых, каторыя былі далей ад мяжы, але Брэст немцы занялі ўжо ўранку 22 чэрвеня, тут крывавую лазню зладзіць не паспелі. Свёнтак вярнуўся служыць у свой касцёл у Пружаны. Адно зло ўратавала ад іншага зла.

У 1944-м ад расстрэлу гестапа яго, наадварот, уратаваў прыход савецкіх войскаў.

Вікарны ксёндз Казімір Свёнтак, на фота яму 24 гады. 1939 год, Пружаны. А заўтра будзе вайна. Тут і далей — фоты з кнігі «Мяне заўсёды ратавала вера…»

Застаўся на гібель, але не загінуў

Гэты чалавек бясконца давяраў Богу. У 1944 годзе ён, 29-гадовы, ужо, у адрозненне ад 1939-га і ведаючы, што чакае яго ў СССР, і маючы выбар, не паехаў у заходнім кірунку, а застаўся служыць, нягледзячы на смяротны прысуд, які ніхто з яго не здымаў. Чарговы раз саветы яго арыштуюць у снежні 1944-га.

Кніга ўспамінаў пра кардынала Свёнтака выйшла ў мінскім выдавецтве «Pro Christo»

Кніга «Мяне заўсёды ратавала вера…» немудрагелістая: складаецца з успамінаў пра кардынала, якія пасля яго смерці друкаваліся на старонках часопісаў «Наша вера», «Ave Maria», «Дыялог» і на інтэрнет-партале catolic.by. У цэлым кніга збудаваная па прынцыпе «пра памерлага толькі добрае», ва ўспамінах беларусаў суцэльны мёд, а вось замежнікі спрабуюць апісаць чалавека такім, якім ён быў, з усімі супярэчнасцямі.

Многа цікавых дэталек тых людзей, якія былі побач з кардыналам ў розныя гады. У першую чаргу гэта духоўныя асобы, дактары і простыя парафіяне-суседзі.

Аказваецца, ужо немаладым Свёнтэк па-ранейшаму рассякаў на матацыкле «Іж». Прычым не толькі па патрэбах душпастарскага служэння, але і на рыбалку і паляванне. Дайшло да таго, што касцёльныя бабулі, баючыся за здароўе любімага ксяндза, адабралі ў яго матацыкл.

Іншае захапленне будучага кардынала — кінакамера. Ён здымаў шмат і рознае. Сёння тыя запісы вельмі цікавыя, бо захавалі нам Палессе, якое не было яшчэ асушана, а жыло натуральным жыццём.

Свёнтэк у савецкія часы змагаўся з мясцовымі ўладамі, імкнучыся захаваць гістарычныя будынкі Пінска і ваколіцаў, бараніў старыя гарадскія могілкі і кварталы.

1960-я. Камуністы абяцаюць камунізм, а ксяндзу Казіміру ўдалося праўдамі і няпраўдамі рэстаўраваць касцёл у Пінску

Сабакі і кава

Ці вось яшчэ адна дэталь. Вядома, што Свёнтэк любіў сабак.

Быў у яго маленькі Ас. Ксёндз вазіў яго ў кошыку на ровары і на матацыкле. Па-сяброўску вучыў яго «прыслугоўваць»: на загад «пільнуй шапку» сабака пільнаваў; … на слова «міліцыя» брахаў і станавіўся каля свайго сябра, каб яго бараніць».

Казімір Свёнтэк падчас прагулкі з любімым сабакам Асам, 1955 год

Ксёндз любіў і фатаграфаваць — яшчэ тады, калі гэта было даступна нямногім. Каб зняць, як падае лісце з дрэваў, ён плаціў хлопцам па рублі за тое, што яны ўлезуць на дрэва і патрасуць яго галінкі, каб спаданне лістоты можна было зняць у палёце.

Па дарозе з дыпламатычнага прыёму ў Мінску мог спыніцца ў лесе за Івацэвічамі і гадзіну ранкам слухаць салаўёў.

Жыў ён у маленькай хатцы на вуліцы Тараса Шаўчэнкі, 12 у Пінску, у пакоі ў яго стаяў вузкі ложак і стол.

«У змрочныя 1950-я, каб не страціць розум, ён стаў займацца садам». Быў узорам сціпласці ў побыце і пры гэтым адданасці справе жыцця.

«Стыль жыцця ксяндза Казіміра не вельмі змяніўся, калі ён быў прызначаны біскупам, а пасля і кардыналам. Змяніўся толькі клас аўтамабіляў, якія … пад'язджалі да дамка на Шаўчэнкі. Гэта былі лімузіны амбасадараў, нунцыяў, высокіх гасцей», — успамінае пінскі доктар Іван Панасевіч.

«Выгоды не рабілі на яго ніякага ўражання», — заўважае нямецкі тэолаг Марцін Бюшэрмёле.

Адзіная яго слабасць — не мог жыць без кавы, піў яе, нават калі кардыёлагі забаранялі. Жартаваў, што «стрэс, які ён перажыве, адмовіўшыся ад кавы, больш шкодны за саму каву». Запарваў яе ў бляшаным кацялку, захаваным з лагерных часоў.

У Пружанах, з якіх яго двойчы забіралі на пакуту, у 2009 годзе. На фота яму 94 гады

Дабрадушны, але зацяты; здольны мяняцца, але які імкнецца нічога не мяняць; паляк, які, аднак, здолеў зразумець, што «Польшча не вернецца»

Успаміны замежнікаў адкрываюць для нас іншыя бакі чалавека, якому Бог судзіў узначаліць касцёл у Беларусі пасля падзення савецкай імперыі, у засценках якой ён ледзь не загінуў, «і фундаментам гэтага касцёла стаў мучанік — кардынал Свёнтэк, гэтак, як было ў першыя стагоддзі хрысціянства», кажа пра яго кардынал Станіслаў Дзівіш, правая рука Яна Паўла ІІ. 

З успамінаў паўстае чалавек дабрадушны, але зацяты; здольны мяняцца, але які імкнецца нічога не мяняць; паляк, які, аднак, здолеў зразумець, што «Польшча не вернецца»; нарэшце, чалавек, які «любіў пасмяяцца, але ніколі не смяяўся з кагосьці».

У еўрапейскай традыцыі ўспаміны — не агіяграфія, а нагода паказаць чалавека ва ўсёй яго складанасці і дынаміцы. Чалавек прыгожы тым, што ён жывы, сплецены з розных перакананняў, звычак і матывацый, прыгожы гэтай сваёй складанасцю, і мяняецца. Беларусам яшчэ трэба вучыцца гаварыць пра людзей паважліва і тактоўна, але без ідэалізацыі, якая выхалошчвае і, па вялікім рахунку, абясцэньвае чалавека.

З успамінаў арцыбіскупа Дамініка Грушоўскага, які з 1996 да 2001 года быў апостальскім нунцыем у Беларусі, мы даведваемся, што Свёнтэк быў прыхільнікам неўмяшальніцтва ў палітыку.

«Ад кардынала Свёнтка я даведаўся, што мой папярэднік [нунцый Агасціна Маркета, 1994—1996] адразу на першай аўдыенцыі [ў прэзідэнта] пайшоў у наступ і ў сваёй прамове крытыкаваў Беларусь за адсутнасць свабоды веравызнання, за парушэнне правоў чалавека і г.д.» Грушоўскі паслухаўся кардынала і «вырашыў, што ва ўступным слове трэба сказаць пра веру».

Грушоўскі таксама апісвае кардынала як чалавека ўпартага і які да апошняга імкнуўся захаваць поўную ўладу на касцёлам.

Так, пасланцу Ватыкана давялося ўжыць увесь свой дыпламатычны талент, каб змусіць 85-гадовага іерарха — біскупам Свёнтак стаў у 77 гадоў, «калі ўжо некаторыя біскупы ідуць на пенсію», заўважае былы нунцый, а апісаныя падзеі адбываюцца праз дзясятак гадоў пасля таго, як Свёнтэк узначаліў касцёл, — пагадзіцца на стварэнне ў краіне новых дыяцэзій і высвячэнне новых біскупаў. Свёнтэк не пагаджаўся ні на пераезд з Пінска ў Мінск, ні на прызначэнне дапаможнага біскупа.

«Так бывае са старымі людзьмі, асабліва калі іх стары менталітэт спалучаецца з цвёрдым характарам», — адзначае нунцый-славак, які сам даслужыць у Беларусі роўна да 75-годдзя.

Пасля з такой жа цяжкасцю Ватыкан навязаў Свёнтэку стварэнне канферэнцыі каталіцкіх біскупаў і стварэнне Віцебскай дыяцэзіі, ён упарта супраціўляўся ўсяму гэтаму. Але калі тое такі было зроблена, Свёнтэк уцёк са шпіталя ў Беластоку, праехаў 700 кіламетраў па галалёдзе, каб паўдзельнічаць у высвячэнні біскупа Віцебскага. Выбар будзе няўдалым — Уладзіслаў Блін сыдзе ў адстаўку ў 2013 годзе з прычын, якія так і не агучваліся.

«Кампраміс не быў яго моцным бокам, — адзначае Марцін Бюшэрмёле, — і менавіта таму, што ксёндз-кардынал быў вельмі проста і канкрэтна мыслячым чалавекам».

«Катам прабачаю»

Біскуп Ежы Мазур успамінае, што кардыналу яго лагерныя ўспаміны балелі і праз 50 гадоў. «У Сібір я дабравольна не паеду, сваё там перажыў ужо, хопіць», — адмовіў ён на просьбу прыехаць у Іркуцк на асвячэнне катэдры і Капліцы паяднання і міру. Было гэта ў 2000 годзе, кардыналу тады было ні многа ні мала 85 гадоў. Але калегі ўгаварылі. У Іркуцк прывезлі зямлю з розных лагерных гарадоў. Першай была Варкута, дзе сядзеў сам Свёнтэк. «Кардынал пацалаваў гэтую зямлю і лёг крыжам», — успамінае біскуп. «У імя ўсіх, хто загінуў, усім катам прабачаю», — сказаў Свёнтэк.

На целе ў яго да канца жыцця жыцця заставаліся сляды абмаражэнняў падчас лагернай працы. Свёнтэка ўратаваў фельчар-яўрэй, даў гусінага смальцу. «Ног то я вам не пакажу, бо я ўсё [увесь запас] выкарыстоўваў, каб уратаваць нос», — з гумарам расказваў кардынал.

Ксёндз Казімір Свёнтэк пасля вяртання з ГУЛАГа, 1954 год, яму 39 гадоў

Не прайшло і некалькі гадоў

Ксёндз Славамір Ляскоўскі спыняецца на іншым цікавым моманце, які паказвае, як будучы кардынал мяняўся, як ад «духу пальшчызны», які цэментаваў касцёл у савецкія часы, каталіцтва перайшло да ўсведамлення новых рэалій і, больш за тое, стала ў авангардзе нацыянальнага адраджэння беларусаў.

Кардынал быў сынам паляка-афіцэра і нарадзіўся ў сучаснай Эстоніі.

«Яшчэ напрыканцы 80-х гадоў ён казаў, што ніколі не будзе цэлебраваць святую Імшу па-беларуску альбо па-руску, аднак не прайшло і некалькі гадоў, як у ім адбыўся цуд перамены», — піша Ляскоўскі.

Сярод заслуг карыднала — аднаўленне мінскай архікатэдры і падрыхтоўка да выдання «Рымскага Імшала» па-беларуску.

Кардынал натхняў святароў з характэрным сваім гумарам: «Слухайце, мяне ў свой час выслалі ў Варкуту. Вас у найгоршым выпадку вышлюць назад у Польшчу, таму вы не павінны баяцца».

Жартаваў ён і ў Ватыкане. У Рыме, у кампаніі біскупаў, аднойчы сказаў: «У кананічным праве ёсць памылка!» — успамінае манах Бэла Лані SVD. «І ўсе прысутныя знямелі: чалавек нядаўна стаў біскупам, а ўжо крытыкуе кананічнае права». Свёнтэк тым часам працягваў: «У кананічным праве напісана, што кожны біскуп павінен ісці на пенсію ў 75 гадоў. А што рабіць таму, хто менаваны біскупам у 77 гадоў?» На гэта адзін уплывовы кардынал адказаў: «Што ж, usque ad mortem — тады працуйце да смерці!» 

Але часам гумар не дапамагаў. «Кардынал згадваў, што беларускія людзі яшчэ пакуль homo soveticus — у тым ліку і святары, і нават ён сам, — успамінае Марцін Бюшэрмёле. — Я не разумеў, як святары, што прысягалі паслушэнства кардыналу, адмаўляліся па яго просьбе прыехаць у тое ці іншае месца, каб даць магчымасць іншаму адправіцца на лячэнне. Для мяне гэта было балюча, для кардынала — таксама. Яму балела і тое, што нават старонні чалавек мог заўважыць гэтыя недахопы і праблемы».

Вераніка Свёнтэк з сынамі Казімірам (на каленях) і Эдвардам. Эстонія, 1915 год

«Мяне ўтрымала і ў жыцці, і пры Богу мая моцная непахісная вера, — казаў кардынал у інтэрв'ю часопісу «Наша вера», якое ўвайшло ў кнігу і дало ёй назву. — Часам здараліся сітуацыі (з людскога пункту погляду) сапраўды безнадзейныя. Хоць бы і тыя два месяцы, праведзеныя ў камеры смерці брэсцкай турмы. Але ў душы быў перакананы, што выжыву».

«Не губляў надзеі таксама ў перасыльным лагеры ў Оршы, дзе сярод вязняў панавала крывавая дызэнтэрыя… Лежачы на бетоннай падлозе, напаўпрытомны, я не пераставаў маліцца», — успамінаў кардынал. «Гэтая вера дае мне сілы і цяпер, у выкананні шматлікіх абавязкаў», — дадаваў ён.

«Я — звыклы, нармальны, смяротны чалавек, які ад пачатку прыняў Божую волю і ўсюды імкнуўся, наколькі ставала сілы, яе выконваць», — казаў ён у іншым інтэрв'ю.

Гісторыя кардынала Свёнтэка — гэта пра тое, якую сілу дае чалавеку вера.

А значыць і пра тое, колькі намаганняў праціўнікі будуць прыкладаць, каб гэтую веру знішчыць. Свёнтэк заслугоўвае не толькі кнігі ўспамінаў, але і кнігі-біяграфіі, і фільма пра сябе. Кніга выдавецтва «Pro Christo» дадае матэрыялу для будучых іх аўтараў.

Чытайце таксама:

У Італіі выйшла кніга пра цяжкія адносіны паміж двума Папамі

Nashaniva.com