За што сядзяць беларускія жанчыны?

Праваабаронцы прыводзяць статыстыку па палітзняволеных жанчынах. 

08.03.2023 / 12:27

Студэнтка Данута Перадня, асуджаная на 6,5 года калоніі

Сёння ў Беларусі налічваецца 155 палітзняволеных жанчын, якія ўтрымліваюцца ў месцах несвабоды. У сувязі з пратэстамі супраць дзейнай улады і вайной ва Украіне з 2020 года 165 жанчын былі асуджаныя да калоніі, 304 — да «хатняй хіміі», 60 — да «хіміі», чатыры жанчыны — да арышту, адна — да прымусовага лячэння. 

Вядома, гэта не поўныя лічбы, бо не пра ўсе выпадкі становіцца вядома журналістам і праваабаронцам.

За што на жанчын зводзілі палітычныя крымінальныя справы?

За акцыі пратэсту на беларусак было заведзена 271 крымінальная справа. Судзілі таксама 15 каментатарак па справе Зельцара і яго ўдаву, якая была сведкай забойства. 

За краты адпраўлялі беларусак, якія выступалі супраць вайны. Напрыклад, 21-гадовую студэнтку Дануту Перадню адправілі на 6,5 года ў калонію за тое, што яна 27 лютага 2022 года перапосціла ў адзін з магілёўскіх чатаў тэкст, у якім у рэзкай форме крытыкаваліся дзеянні Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі па развязванні вайны ва Украіне. Таксама там утрымліваўся заклік да вулічных выступленняў і канстатавалася адсутнасць перспектыў у беларускай арміі ў выпадку яе прамога ўступлення ў вайну.

Справы заводзілі таксама на тых, хто даваў інтэрв'ю незалежным СМІ. Гучны выпадак — Дар'я Лосік, жонка палітвязня і блогера Ігара Лосіка.

Жанчын судзяць таксама за іх прафейсійную дзейнасць (журналісткі, праваабаронцы і палітолагі за кратамі).

Nashaniva.com