Беларускі гурт, які бліжэй за ўсіх быў да «Грэмі»

Незвычайную гісторыю аднаго беларускага музычнага калектыва згадаў тэлеграм-канал @backtobelarus

08.03.2023 / 10:45

«Айчынная музыка — гэта звычайна гісторыі з няшчасным фіналам. Імклівы ўздым: фестывалі, канцэрты, першыя рэлізы, а пасля адзінкавым калектывам удалося даць рады будзённасці і мінімальнай магчымасці зарабляць у краіне музыкай.

Так здарылася і з героямі сённяшняга аповеду. IQ48 («здаровыя лосі») з’явіліся ў 2000-м, праз тры гады выйгралі «Басовішча» і яшчэ праз пяць былі там хэдлайнерамі. Паміж гэтым былі фэсты ў краінах Балтыі, Украіне і Польшчы, здымкі кліпаў і запіс першых двух альбомаў: «Вар’яты» і «Героі».

Усю сваё музычнае жыццё «здаровыя лосі» эксперыментавалі са стылямі. Калі ўсё пачыналася з сумесі фанку, ска і рэпу з саксафонам у якасці «разыначкі», то альбомы HMR і «Трымай свой час» — гэта спробы ў беларускі Rage Against The Machine з сацыяльнай тэматыкай тэкстаў. Нездарма ў IQ48 ёсць каверы на культавы амерыканскі гурт.

Сярод іншых адметнасцяў — гімн футбольнага «Шахцёра» ў сярэдзіне нулявых, песні на вершы Міхала Анемпадыстава («Схаванае сэрца», «Святло ў цемры»), першы ў краіне DVD-Unplugged.

Скончылася ж усё дастаткова празаічна: пасля выхаду альбома «Трымай свой час» у 2016-м з гурта сышоў яго заснавальнік і гітарыст Яўген Бузоўскі. Без яго ўжо нічога не атрымалася. Пра лічбавую спадчыну адметны беларускі гурт не падумаў — на стрымінгавых сэрвісах вы не знойдзеце дыскаграфіі IQ48.

Дык прычым тут «Грэмі»?

Бубнач IQ48 Антон Мацулевіч пісаў біты, якія выкладаў у сеціве. Яго музыка спадабалася амерыканскаму рэперу Fetty Wap. У выніку сумесны трэк Trap Queen дасягнуў 2-й пазыцыі ў Billboard, стаў плацінавым у ЗША і некаторых іншых краінах.

У Spotify трэк мае больш за мільярд праслухоўванняў, у кліпа на ютубе 813 мільёнаў праглядаў.

Але гэтага не хапіла для перамогі ў намінацыі «Найлепшая хіп-хоп песня». Выйграў у той год Кендрык Ламар.

Nashaniva.com