У Купалаўскі тэатр набралі акцёраў з Расіі

Пра гэта ў інтэрв'ю газеце «Культура» заявіла прызначаная Лукашэнкам мастацкая кіраўніца тэатра Вольга Няфёдава, піша «Люстэрка».

08.03.2023 / 10:19

«Нам па-ранейшаму не стае акцёраў. <…>. Адчуваем патрэбу ў артыстах ад 30 да 60 гадоў. Асноўныя дзейныя асобы ўсёй сусветнай драматургіі належаць менавіта да названага пакалення. Мы збіраем калектыў пакрысе, і для таго неабходна шмат часу — каб у тэатры былі найлепшыя як па таленце, так і па душэўных якасцях», — заявіла яна.

«Самае важнае патрабаванне да кандыдатаў — талент, бо Купалаўскі тэатр заўсёды (і 100 гадоў таму, і цяпер) вылучаецца прафесійным акцёрскім складам. Яшчэ адзін важны крытэрый пры адборы ў трупу — душэўныя якасці, што адпавядаюць гордаму імені Чалавек. Подлых і злосных людзей сцэна не прымае, адштурхоўвае. Таксама мы карыстаемся дапамогай акцёраў з іншых труп, якія з’яўляюцца патрыётамі і сапраўды любяць тэатр», — дадала акторка.

Настойлівыя пошукі выканаўцаў працягваюцца ўжо два гады. У трупе засталося ўсяго дзевяць акцёраў са старога складу. Праўда, у 5 з іх — адна ці дзве ролі ў рэпертуары. Сярод гэтай пяцёркі і Вольга Няфёдава. На сустрэчы з Лукашэнкам у лютым 2021-га яна плакала, успамінаючы яго выхад з аўтаматам падчас пратэстаў-2020. А ў сакавіку атрымаў медаль Францыска Скарыны, у верасні — стаў заслужанай артысткай Беларусі. У чэрвені 2021-га яна выступіла на адкрыцці алкагольнай крамы ў Маладзечне.

У 2021-м праз кастынгі ў трупу сталі набіраць новых акцёраў. Частка сярод іх з'яўляліся прафесіяналамі (у тым ліку, з тэатраў Бабруйска і Пінска), астатнія — студэнтамі. Але з таго часу адбылося ўжо, як мінімум, восем кастынгаў. Акцёраў з іншых беларускіх тэатраў у трупу Купалаўскага не бралі.

Высветлілася, што ў Мінск, не знайшоўшы беларускіх выканаўцаў, паклікалі акцёраў з Расіі. Гэта выпускнікі маскоўскага ГІТІСа, а таксама экс-студэнты маскоўскага Інстытута сучаснага мастацтва. Пра іх працу яшчэ ў лістападзе 2022-га згадвала дзяржпрэса. У сваіх расійскіх установах яны, зразумела, не вывучалі беларускую мову. Таму для іх у Купалаўскім ставяць пластычныя спектаклі без слоў (напрыклад, сярод апошніх, «Наш космас»).

Nashaniva.com