Літоўскі бізнэсмен пакаяўся, што дапамагаў «Гродна Азоту» абыходзіць санкцыі

Літоўскі даследчы цэнтр Siena, які вывучае магчымыя ценявыя схемы паставак угнаенняў з Беларусі ў Еўрасаюз, паведаміў, што літоўскі бізнэсмен Саўлюс Коціс прынёс публічныя прабачэнні, што праз сваю кампанію ў Кыргызстане дапамагаў абыходзіць санкцыі супраць «Гродна Азота».

07.03.2023 / 23:38

«Гродна Азот». Фота ілюстрацыйнае

Раней па выніках журналісцкіх расследаванняў стала вядома пра існаванне ланцужка кампаній, якія займаюцца ўвозам у Літву беларускага карбаміду пад выглядам зробленага кампаніямі з іншых краін. Падсанкцыйны беларускі «Гродна Азот» сам гандляваць з ЕС адкрыта не можа, але рабіў гэта праз фірму-«пракладку».

Перавозку ўгнаенняў па чыгунцы аплаціла клайпедская кампанія Girera, а пакупніком значыцца фірма Misir.Co з Кыргызстана, акцыянерам якой з'яўляецца літоўскі бізнэсовец Саўлюс Коціс. Ён сам пацвердзіў Siena, што ўдзельнічаў у гэтай схеме.

Прадпрымальнік публічна папрасіў прабачэння перад усімі, хто «быў расчараваны безадказнымі паводзінамі» яго самога і яго калег, і прызнаўся, што мае намер «згарэць у агні сораму і нянавісці да сябе». Ён таксама запэўніў, што дамова на пастаўку карбаміду з Беларусі ўжо скасаваная, а дзейнасць Misir.Co прыпыненая.

Такое нечаканае прасвятленне бізнэсмена відавочна звязана з тым, што апошнім часам літоўскія ўлады выразна засведчылі сур'ёзнасць сваіх намераў не на словах, а на справе паставіць заслону шэрым схемам, скіраваным на абыход заходніх санкцый. У пачатку года пачалося расследаванне кантрабанды ўгнаенняў «Гродна Азота», у некалькіх кампаніях прайшлі ператрусы і затрыманні. 

Чытайце таксама:

Прэм'ерка Літвы: Адмова ад перавозкі беларускіх грузаў літоўскай чыгункай — самае простае рашэнне

Прэзідэнт Літвы: Літоўскія кампаніі, у дварах якіх лунаюць украінскія сцягі, могуць адначасова дапамагаць Лукашэнку

Літоўскія службы расследуюць, хто дапамагае пастаўляць беларускія ўгнаенні ў Еўропу. Затрымалі карбаміду на 2 млн еўра

Фірму-пракладку для абыходу санкцый узначальвае старшыня аднаго з выбаркамаў 2020 года — расследаванне

Nashaniva.com