У Грузіі выбухнулі масавыя пратэсты супраць прыняцця закона аб «замежных агентах»

У Тбілісі сёння праходзіць шматтысячная акцыя пратэсту. Мітынгоўцы выступаюць супраць законапраекта аб агентах замежнага ўплыву, які дэпутаты мясцовага парламента прынялі 7 сакавіка ў першым чытанні.

07.03.2023 / 22:59

Скрыншот з відэа

На плошчы перад будынкам парламента сабралася больш за 10000 чалавек.

Паліцыя перакрыла ўваходы ў будынак, а пасля ў МУС Грузіі заявілі, што акцыя набыла гвалтоўны характар і ўжылі ў дачыненні да пратэстоўцаў слёзацечны газ і вадамёты. Пратэстоўцы таксама кідаюць «кактэйлі Молатава».

Прэзідэнтка Грузіі Саломе Зурабішвілі падтрымала пратэстоўцаў і паабяцала накласці на закон вета, калі дакумент будзе прыняты ў парламенце.

Дзеянні грузінскага ўрада выклікаюць крытыку і за межамі краіны. Дзярждэпартамент ЗША заявіў, што не выключаецца магчымасць увядзення санкцый у дачыненні да прадстаўнікоў уладаў Грузіі праз сітуацыю вакол закона аб «замежных агентах».

«У нас ёсць шэраг інструментаў, якія дазваляюць прыцягнуць да адказнасці любога ў любой краіне за ўмяшанне ў рэалізацыю таго, што з'яўляецца універсальным правам чалавека», — адзначыў прадстаўнік Дзярждэпартамента Нэд Прайс.

Nashaniva.com