Міністэрства абароны скончыла першыя ў гэтым годзе зборы з вайсковаабавязанымі

Першыя запланаваныя на 2023 год боры з вайсковаабавязанымі праходзілі ў перыяд з 6 лютага па 7 сакавіка. Усяго на іх прызвалі 500 чалавек, перадусім спецыялістаў па сувязі. Таксама былі «мабілізаваныя» 27 адзінак тэхнікі.

07.03.2023 / 16:21

«Сёння завяршаліся зборы для вайсковабавязаных, якія былі прызваныя з вайсковых камісарыятаў горада Мінска. Гэта прадстаўнікі розных сфер дзейнасці — банкаўскія супрацоўнікі, рабочыя заводаў, былі дырэктары прадпрыемстваў», — пракаментаваў тое, што адбываецца, вайсковы камісар Мінска Аляксей Калыванаў. Паводле яго, на зборы прызываліся як афіцэры запасу, так і прапаршчыкі, сяржанты і салдаты.

У той жа час раней з'яўлялася інфармацыя, у тым ліку і ад афіцыйных асоб накшталт вайсковага камісара Клецкага раёна, што гэтым разам на зборы прызываюцца ў тым ліку і людзі, якія не служылі ў войску ўвогуле.

Увогуле ў Беларусі планавыя вайсковыя зборы праводзяцца штогод, у народзе іх яшчэ называюць «забралі ў партызаны». Падчас збораў мужчыны ўзнаўляюць веды па вайсковых спецыяльнасцях.

Часцей за ўсё на зборы трапляюць тыя, хто адслужыў тэрміновую службу ці скончыў вайсковыя кафедры. 

Раней начальнік упраўлення галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення Генштаба Аляксандр Шальпук казаў, што ў 2023-м на вайсковыя зборы плануецца прызваць 9 тысяч чалавек. 

Чытайце таксама:

Клецкі ваенкам: Бяром на зборы найперш тых, хто ніколі не служыў, бо кожны абавязаны хоць калі адчуць сябе салдатам

На зборы выклікаюць найперш тых, хто не служыў

Nashaniva.com