Хто такі «Якуцік»? КДБ затрымлівае стралкоў і адпраўляе іх на паліграф, паказваючы фота аднаго чалавека

Праз гэтага чалавека кашмараць дзясяткі стралкоў па ўсёй краіне. 

07.03.2023 / 16:17

Ілюстрацыйны здымак. Фота: МУС

Днямі «Наша Ніва» паведамляла пра нездаровы інтарэс органаў дзяржбяспекі да прадстаўнікоў стралковых клубаў, страйкбалістаў і рэканструктараў. 

Як нам вядома, спадарадычна затрыманымі аказаліся дзясяткі людзей.

У нечым гэта нагадвае справу «Белага Легіёна» ў 2017-м, адзінае што сёлета ўсё разгортваецца не вакол падкінутых аўтаматаў, а вакол сапраўднай дыверсіі ў Мачулішчах. 

Дэталяў масавых аблаваў мы не ведаем. Сігналы прыходзяць супярэчлівыя і без асаблівых дэталяў. 

Вядома, што частку людзей з КДБ выпускаюць пасля некалькіх дзён у засценках. Некаторыя яшчэ там. Усе, хто выходзіць — пад падпіскамі аб неразгалошванні. 

З таго, што нам удалося сабраць, —

затрыманых стралкоў «бралі» у надзеі выйсці на загадкавага чалавека, якога называюць «Якуцікам». 

У КДБ затрыманых актыўна дапытваюць на прадмет знаёмства з гэтым чалавекам, паказваюць ягонае фота, высвятляюць абставіны знаёмства, калі яны ёсць, а таксама характар адносін. 

Затрыманыя абавязкова праходзяць паліграф. 

Хто гэты «Якуцік», мы не ведаем. Прозвішча гэта ці мянушка, таксама не вядома.

Сёння Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пасля дыверсіі ў Мачулішчах затрымалі нібыта «ўкраінскага тэрарыста» ў друкарні пад Бараўлянамі, а таксама 20 яго памагатых. У той жа час ён казаў, што пошукі датачных яшчэ вядуцца і паабяцаў зачыстку.

Калі вам нешта вядома, паведамляйце @nn_editor, на nivanasha@gmail.com ці nivanasha@proton.me. Альбо пішыце асабіста тым журналістам і рэдактарам «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце і якім давяраеце (лепш — у сігнал ці тэлеграм).

Чытайце таксама:

Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся «правесці па ўсёй краіне жорсткую зачыстку»

Сястра «дыверсанта» з міліцэйскай арыенціроўкі: Ён быў дома ў гэтыя дні

Кіраўнік «Байпол»: «Ва ўсёй сістэме МУС толькі пра гэта і гавораць». Азараў пракаментаваў вылет А-50 з Мачулішчаў

Красамоўна. Што лукашэнкаўскія каналы напісалі пра выбухі ў Мачулішчах

Nashaniva.com