Лукашэнка заявіў пра «ўкраінскага тэрарыста» і затрыманне «дваццаці саўдзельнікаў»

Па словах Лукашэнкі, «украінскага тэрарыста» затрымалі ў друкарні пад Бараўлянамі «с разного рода тряпками бэчэбэшными и прочей литературой».

07.03.2023 / 13:55

Месцы, дзе быў пашкоджаны расійскі самалёт-разведчык. Схема: Байпол

Па сцвярджэннях Аляксандра Лукашэнкі, «здарыўся цуд і дапамог бог». Разам з дыверсантам нібыта затрымалі і 20 саўдзельнікаў.

У мінулыя падобныя сцвярджэнні Аляксандра Лукашэнкі не раз аказваліся хлуснёй.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, затрыманы трапіў у Беларусь маршрутам Варшава — Лодзь — Рыга — Пскоў — Мінск.

«Яшчэ да камандзіроўкі ў Кітай (вы, напэўна, пра гэта здагадаліся) былі аддадзены самыя жорсткія распараджэнні сілавікам, — расказаў Аляксандр Лукашэнка 7 сакавіка, выступаючы перад жанчынамі, якіх узнагароджаў з нагоды 8 Сакавіка. — Былі перакрытыя межы Беларусі. Але мы разумелі, што асноўная наша праблема — гэта беларуска-расейская мяжа. Там у нас няма вайсковых падраздзяленняў. Ды і мяжы няма паміж Расеяй і Беларуссю. І галоўнай нашай задачай было не дапусціць пранікнення яго ў Расію. Таму што ў велізарнай бяздоннай Расіі знайсці яго было б вельмі складана. Мы гэта разумелі, а таму былі паднятыя сотні, а можа быць і тысячы людзей — ваенных усіх падраздзяленняў, каб закрыць Беларусь. Былі здзейсненыя пэўныя дзеянні, разгорнуты антытэрарыстычны штаб пад кіраўніцтвам старшыні КДБ Беларусі Івана Церцеля», — расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пашкоджанні нязначныя.

«На шчасце, самалёт не зведаў нейкіх значных пашкоджанняў, акрамя, як яны кажуць, драпін і адной прабоіны ў корпусе, якая вайсковаму самалёту не перашкаджае выконваць яго абавязкі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, перадае яго прэс-служба.

Раней беларускія дзяржаўныя СМІ называлі інцыдэнт на аэрадроме з расійскім самалётам А-50 фэйкам, адмаўлялі, што з ім нешта здарылася.

Лукашэнка заявіў, што «нягледзячы на захаванне самалётам здольнасці выконваць задачы, ён папрасіў расейцаў даслаць іншы».

«Мы вам паказвалі гэты самалёт. Як мне паведамілі, ён нават прэзідэнта сустракаў, калі я вяртаўся з Пекіна.

Тым не менш, мы папрасілі расіян, каб яны ўзялі гэты самалёт на абслугоўванне і даслалі нам іншы. Так і адбылося», — сказаў ён.

Насамрэч, ніякі новы самалёт дальняй разведкі аналагічнага тыпу ў Беларусі назіральнікі пакуль не адзначалі.

На мінулым тыдні самалёт А-50 вылецеў на рамонт на Таганрогскі завод і не вярнуўся, хоць дзяржаўныя СМІ ў той дзень заяўлялі, што самалёт ажыццяўляе аблёт тэрыторыі Беларусі і выконвае баявыя задачы. 

Як сцвярджаюць вайсковыя эксперты, самалёт А-50 выкарыстоўваўся для навядзення на цэлі ва Украіне расійскіх ракет і дронаў.

Па словах Лукашэнкі, пры падрыхтоўцы «тэракта» выкарыстоўваліся «самыя высокія тэхналогіі». «Гэта сапраўды было штосьці неверагоднае», — сказаў ён.

І панаракаў, што абралі малы беспілотнік.

«Таму што, калі б яны выкарыстоўвалі вялікі, то сістэмы нашага сачэння, вядома, яго б адсачылі. Ва Украіне былі задзейнічаныя гэтыя два беспілотнікі, навучаны гэты чалавек і іншыя, якія яму дапамагалі. Пра гэта мы раскажам вам потым».

Аляксандр Лукашэнка нярэдка абяцае расказаць «пасля», «будзе вельмі цікава», але найчасцей за гэтымі словамі няма ніякага працягу.

На відэа, якія публікаваў «Байпол», да А-50 падлятаў самы звычайны камерцыйны дрон кітайскай вытворчасці.

Сама дыверсія здарылася 26 лютага. «Байпол» узяў адказнасць за яе на сябе, заявіўшы, што беларусы з дапамогай двух дронаў пашкодзілі самалёт. Сцвярджалася, што выканаўцы паспяхова здолелі пакінуць тэрыторыю Беларусі. «Байпол» апублікаваў таксама два відэа, на якіх бачна, як дрон прылятаў на разведку і сядаў на А-50, але відэа самой атакі не было.

Крыніцы «Нашай Нівы» і праваабаронцы паведамлялі пра масавыя рандомныя затрыманні і ператрусы ў раёне Мачулішчаў, а таксама сярод страйкбалістаў, рэканструктараў і стралкоў.

Чытайце таксама:

Сястра «дыверсанта» з міліцэйскай арыенціроўкі: Ён быў дома ў гэтыя дні

Кіраўнік «Байпол»: «Ва ўсёй сістэме МУС толькі пра гэта і гавораць». Азараў пракаментаваў вылет А-50 з Мачулішчаў

Красамоўна. Што лукашэнкаўскія каналы напісалі пра выбухі ў Мачулішчах

Nashaniva.com