За месяц лукашысты дачакаліся «ажно» 23 зваротаў у «камісію па вяртанні». Але яны іх не цешаць

Намеснік генпракурора Аляксей Стук расказаў у эфіры праграмы «По существу» на СТБ, што на дадзены момант «камісія па вяртанні» мае 23 заявы ад беларусаў, якія пакінулі краіну пасля 2020 года, баючыся пераследу. Пры гэтым большасць з іх ні да чаго.

06.03.2023 / 22:39

«Цяпер звярнулася ў камісію 23 чалавекі. Знаходзяцца на разглядзе 23 заявы. Адразу скажу, што большасць заяў не адпавядае тым крытэрам, якія прапісаныя ва ўказе, тым напрамкам, звесткам, якія пазначаны, каб яны былі прадстаўленыя», — распавёў Стук.

Можна меркаваць, што людзі, якія пісалі ў камісію, не выказалі жадання публічна каяцца і плаціць рэжыму грошы за прынесеную «шкоду», што з'яўляецца ўмовай для таго, каб іх справу пачалі хоць бы колькі сур'ёзна разглядаць. Цалкам верагодна, што і пісаліся гэтыя заявы ў камісію толькі з мэтай яе тролінгу, як гэта было з самай першай заявай, накіраванай рэдактаркай тэлеканала «Белсат» Вольгай Ярохінай.

Зрэшты, па-іншаму наўрад ці магло і быць, мяркуючы па тым, што і склад камісіі, і ўмовы «даравання», і не прыпыненне ўнутраных рэпрэсій, і сама рыторыка прадстаўнікоў рэжыму зусім не матывуюць да таго, каб сур'ёзна ставіцца да выказаных прапаноў. Нават у гэтым выступленні намеснік генпракурора Стук пагражаў:

«Нават той вектар, які намечаны ўказам па вяртанні з-за мяжы, — таксама не ідзе гаворка, што для ўсіх грамадзян, якія знаходзяцца там, якія звернуцца, наступіць для іх эра ўсеагульнай міласэрнасці».

То-бок нават выкананне ўсіх прыніжальных умоў нічога нікому не гарантуе і чалавек, нават пайшоўшы на ўсё гэта, можа ўрэшце патрапіць у пастку. А ад тых, хто звяртаецца ў камісію, патрабуюць растлумачыць, чаму яны асцерагаюцца вярнуцца (фактычна данесці самім на сябе), раскаяцца і прынесці публічныя прабачэнні (публічна прынізіцца) і пакрыць прычыненую шкоду (падтрымаць сваіх мучыцеляў матэрыяльна). Натуральна, што гэта слаба матывуе.

Nashaniva.com