Упершыню беларуска фінішавала на ўсіх шасці самы значных марафонах свету

У нядзелю, 5 сакавіка, беларуска Ала Касабуцкая пераадолела Такійскі марафон, паведамляе канал «РобімНогі».

05.03.2023 / 18:36

Ала Касабуцкая, першая беларуска, якая фінішавала на ўсіх шасці самы значных марафонах свету. Фота з інстаграма

Адначасова з гэтым у Беларусі з'явілася першая ўладальніца медаля World Marathon Majors Six Star Finishers, якім узнагароджваюцца тыя, хто здолеў скарыць усе шэсць топавых марафонаў свету: Бостанскі, Нью-Ёркскі, Чыкагскі, Берлінскі, Лонданскі і Такійскі.

Ала паслядоўна з 2015 года фінішавала на элітных марафонах, але свае карэктывы ўнёс кавід, і апошні з пераліку, Такійскі марафон, удалося скарыць толькі сёння, на тры гады пазней, чым планавалася.

Ніжэй — вынікі Алы на ўсіх шасці марафонах:

2015 — Нью-Ёрк (4:05:28)

2016 — Чыкага (3:35:33)

2017 — Берлін (3:17:22)

2018 — Бостан (3:21:36)

2019 — Лондан (3:05:43)

2023 — Токіё (3:24:17)

Апроч сваіх марафонскіх подзвігаў, Ала Касабуцкая вядомая таксама тым, што ў 2021 годзе стала першай беларускай, якая здолела ўзыйсці на гару Джамалунгма — найвышэйшую кропку планеты.

Напярэдадні сённяшняга марафона ў Токіё, усе шэсць топавых марафонаў пераадолела 8143 чалавекі. З іх 1544 прадстаўляюць ЗША, 771 — Вялікабрытанію, 453 — Італію, 439 — Германію, 400 — Кітай.

З суседзяў Беларусі: 86 уладальнікаў медаля медаля World Marathon Majors Six Star Finishers паходзяць з Польшчы, 37 — з Расіі, 11 — з Украіны, 3 — з Літвы, 2 — з Латвіі.

Nashaniva.com