Сёння мясцовыя выбары ў Вільні. Галасаваць могуць і эмігранты. Але ці варта беларусам галасаваць?

Сёння Вільня выбірае мэра і самакіраванне. Галасаваць на выбарах мае права любы чалавек, зарэгістраваны ў горадзе, у тым ліку і новыя эмігранты-беларусы, якія атрымалі дазвол на жыхарства. Маральная праблема: а ці справядліва нам, беларусам, галасаваць? І палітычнае пытанне: калі так, то за каго?

05.03.2023 / 14:32

Вільня 5 сакавіка выбірае самакіраванне

Беларусам мусова быць далікатнымі ў любых унутрыпалітычных пытаннях тых краін, дзе мы часова апынуліся. За нашу магчымасць жыць у свабодзе і працягваць нашу працу дзеля Беларусі ўдзячнасць належыць і літоўцам, і палякам, і грузінам, і латышам, якія гэтую свабоду сваёй працай забяспечваюць. Нягожа праяўляць высакамернасць ці непавагу. Трэба паважаць мясцовыя нормы, вучыць мову краіны, дзе жывяце, строга выконваць яе законы.

Калі вы рашаеце галасаваць на мясцовых выбарах, то, хоць самакіраванні і займаюцца лакальнымі пытаннямі, усё ж памятайце, што важна не аддаваць галасоў тым палітычным сілам, якія мелі сувязі з Расіяй або лукашэнкаўцамі ці падкія на расійскія грошы.

Гэта агромністая радасць — магчы аддаць голас за тую палітыку, якая табе падабаецца, і ведаць, што гэты голас будзе ўлічаны. Мы, беларусы, як ніхто ведаем, якую дарагую цану даводзіцца плаціць, каб здабыць дэмакратыю.

Рэд.