Кітай паставіў на 2023 год сціплыя эканамічныя мэты

Кітай плануе павялічыць ВУП на 5%. Такая мэта была абвешчаная на сесіі Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў. 

05.03.2023 / 10:25

Сі Цзіньпінь у цэнтры камуністычнага кіраўніцтва Кітая. Фота Сіньхуа

Летась прырост ВУП склаў 3% пры плане росту 5,5%. Невыкананне плана было звязанае з кавідам.

Варта адзначыць, што ў таталітарных краінах як Кітай статыстыка часта бывае падманнай.

Урад Кітая чакае ў 2023 годзе інфляцыі 3%. Дэфіцыт бюджэту мае вырасці да 3%, што на 0,2% больш, чым у 2022-м.

Аналітыкі называюць мэту 5% эканамічнага росту «сціплай». За апошнія 30 гадоў Пекін ні разу не ставіў такіх нізкіх задач. Гэта азначае, што ўрад Кітая не будзе актыўна стымуляваць эканоміку. 

Звяртае ўвагу, што Пекін таксама абвясціў пра рост вайсковых выдаткаў на 7,2%, што стала самым высокім тэмпам росту за апошнія гады. Яны дасягнуць 1,55 трлн юаняў, або каля 225 мільярдаў даляраў.

Nashaniva.com