Украіна заканчвае ацяпляльны сезон з прафіцытам магутнасці, а таксама з дастатковымі запасамі газу і вугалю

Пра гэта паведаміў міністр энергетыкі Герман Галушчанка падчас пашыранага пасяджэння прэзідыума кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад пры прэзідэнце Украіны, піша «Украінская праўда».

04.03.2023 / 22:49

Кіраўнік украінскага Мінэнерга паведаміў, што ўсяго з кастрычніка мінулага года па энергетычнай інфраструктуры Украіны Расіяй была здзейснена 31 паветраная атака, з якіх 14 масіраваныя ракетныя ўдары і 17 — атакі групамі дронаў-камікадзэ.

Трапілі пад атакі ключавыя энергетычныя аб'екты: цеплавыя электрастанцыі, цеплаэлектрацэнтралі, гідра– і гідраакумулюючыя станцыі, падстанцыі сістэмы перадачы. Акрамя таго, на сёння частка ўкраінскіх генерыруючых магутнасцей знаходзіцца пад часовай акупацыяй.

Аднак, нягледзячы на ​​разбурэнні, па словах мінстра, украінскія энергетыкі змаглі захаваць энергасістэму цэласнай, «калапсу, на які так спадзяваўся вораг, не здарылася».

«Мы выходзім са складанай зімы цалкам забяспечанымі палівам — па стане на 3 лютага запасы вугалю на складах ТЭС і ЦЭЦ складаюць 1160 тысяч тон. Гэта на 375 тысяч тон больш, чым на аналагічную дату мінулага года. Запасы прыроднага газу ў падземных сховішчах Украіны складаюць — 9,7 млрд кубічных метраў (блізка да леташніх аб'ёмаў)», — адзначыў Галушчанка.

Кіраўнік Мінэнерга Украіны адзначыў, што пачалася падрыхтоўка да наступнага ацяпляльнага сезона. У прыватнасці, праводзяцца рамонты пашкоджаных генерыруючых магутнасцей, якія мэтазгодна аднаўляць. Ажыццяўляецца аднаўленне сістэмы перадачы і сістэм размеркавання, рэалізуюцца праекты па будаўніцтве малой газавай генерацыі, раззасяроджанай па населеных пунктах і асобным спажыўцам.

Nashaniva.com