Мужчына з-пад Верхнядзвінску вырашыў адпомсціць старшыні сельвыканкама — спаліў яе машыну
Здарылася гэта яшчэ ў верасні, цяпер справу накіравалі ў суд.
03.03.2023 / 18:50
Пракуратура Віцебскай вобласці накіравала ў суд Верхнядзвінскага раёна крымінальную справу супраць 61-гадовага жыхара Верхнядзвінскага раёна Д. Мужчыну вінавацяць у пашкоджанні маёмасці Боркавіцкага сельвыканкама і знішчэнні маёмасці яго старшыні.
Як піша пракуратура, Д. вырашыў адпомсціць старшыні сельвыканкама за прафілактычную работу, якая тая праводзіла з ім. Ноччу 15 верасня 2022 года ў стане алкагольнага ап'янення ён таемна пракраўся на тэрыторыю дома, у якім пражывала старшыня. Пасля чаго абліў бензінам яе аўто Volkswagen Polo і падпаліў яго.
У выніку машына і тое, што ў ёй ляжала, было знішчана.
Шкода па справе перавысіла 23 тысячы рублёў.
Акрамя таго, агонь пашкодзіў маёмасць Боркавіцкага сельвыканкама коштам звыш 970 рублёў.
На мужчыну завялі справу па ч. 2 арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне ці пашкоджанне чужой маёмасці).
Мужчына да суда знаходзіцца за кратамі.