Беларускі турбізнэс сёлета не будзе ў стане задаволіць попыт на выязны турызм

Старшыня праўлення Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый Руслан Сегянюк расказаў пра беларускія перспектывы гэтага года з выязным турызмам. Паводле яго, цяпер засталося ўсяго толькі чатыры кірункі з вылетам на адпачынак непасрэдна з Беларусі.

02.03.2023 / 21:25

Руслан Сегянюк

«Масавых выязных кірункаў з вылетам з Беларусі засталося ўсяго чатыры: Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Егіпет, Грузія і Турцыя», — пералічыў усё, што засталося, Сегянюк.

Пры гэтым ён папярэдзіў, што з-за абмежаванняў і розных санкцый, а таксама невялікай колькасці кірункаў і правазных магчымасцяў, беларускі турбізнэс не зможа задаволіць попыт беларусаў на адпачынак у 2023 годзе.

«І гэта нават з улікам таго, што кошт адпачынку падняўся, а таксама ўскладнілася лагістыка і больш часу трэба правесці ў дарозе», — адзначыў Руслан Сегянюк.

Напрыклад, на адно месца на курортах Грузіі ў мінулым сезоне прэтэндавалі 2-3 беларусы, і ўсіх ахвотных перавезці не здолелі. Такая тэндэнцыя мае захавацца і сёлета, бо колькасць самалётаў у «Белавія» не павялічыцца, а колькасць кірункаў таксама наўрад ці дадасца.

Nashaniva.com