Прэм'ерка Літвы: Адмова ад перавозкі беларускіх грузаў літоўскай чыгункай — самае простае рашэнне

Прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце лічыць, што кантрабанду з Беларусі можна спыніць, калі чыгунка адмовіцца перавозіць тавары з Беларусі, піша Delfi.lt.

02.03.2023 / 20:33

Інгрыда Шыманіце са Святланай Ціханоўскай. Фота ілюстрацыйнае

Праблема парушэння міжнародных санкцыяў і кантрабанды ў Літву з боку Беларусі можа вырашыць праз адмову «Літоўскай чыгункі» ад перавозкі тавараў. З такой заявай выступіла прэмʼер-міністр Літвы Інгрыда Шыманіце.

«Хоць «Літоўская чыгунка» зʼяўляецца кіраваным дзяржавай прадпрыемствам, але ўсё ж камерцыйным. І гэта пытанне выбару, з якімі партнёрамі «Літоўскай чыгунцы» мець справу, а з якімі не.

Калі атрымліваеш замову на перавозку ўгнаенняў, няхай самі ўгнаенні не пад санкцыямі, але яны перавозяцца адтуль, дзе ёсць падсанкцыйная кампанія — вытворца ўгнаенняў, як у гэтым выпадку з «Гродна Азот»…

Так, няхай там ёсць намаляваная ў нейкай беларускай установе паперка, у якой сцвярджаецца, што гэтае ўгнаенне было выраблена нейкім ЗАТ «Тры парасяці», але ёсць шмат добрых пытанняў, ці магло так быць.

Адмова ад перавозкі такога грузу, на маю думку, — самае простае рашэнне», — заявіла Інгрыда Шыманіце.

Палітык дадала, што камерцыйныя пагадненні, асабліва тыя, якія знаходзяцца ў шэрай зоне, нясуць для «Літоўскай чыгункі» рэпутацыйную рызыку. Цяпер кампанія мае меней супрацы з Усходам і мусіць пераарыентаваць сваю дзейнасць на заходнія рынкі.

«Геаграфічна мы знаходзімся ў такім месцы, праз якое спрабуюць трапіць у ЕС, натуральна, што ў нас вялікая нагрузка. Але мне здаецца, што ёсць адносна простыя рашэнні, якія могуць знізіць нагрузку на ўстановы, таму што заробак тут сапраўды вельмі нізкі і гнацца за гэтым, я думаю, не варта», — адзначыла літоўская прэм'ерка.

Nashaniva.com