Што не так з версіяй пра «дыверсантаў» на Браншчыне і чаму ўся гісторыя падобная на фэйк

Расійскі рэсурс «Можам патлумачыць» сабраў усе звесткі, якія сёння прыходзілі пра нібыта дыверсійную атаку з захопам закладнікаў у Бранскай вобласці і на гэтай падставе прыходзіць да высновы, што ўсё гэта вельмі падобна на фэйк ці пастаноўку, бо занадта шмат у сітуацыі дзіўнага, а факты супярэчаць адзін аднаму. 

02.03.2023 / 18:25

Першае паведамленне аб пранікненні дыверсантаў у Бранскую вобласць з'явілася ў тэлеграм-канале губернатара вобласці Аляксандра Багамаза ў 11:29 па маскоўскім часе. На яго спаслаліся агенцтвы і тэлеграм-каналы. Пасля гэтага пайшлі паведамленні аб уваходзе дыверсантаў у вёскі Сушаны і Любячаны, пра абстрэлы, захоп закладнікаў і перастрэлкі з выбухамі, якія працягваліся амаль дзве гадзіны.

Пра захоп закладнікаў і баі за іх вызваленне паведамілі некалькі ваенкараў, СМІ і тэлеграм-каналаў. Аднак пры гэтым улады саміх Сушан пра захоп закладнікаў не чулі.

Ні падчас меркаваных падзей, ні праз некалькі гадзін не з'явілася ніводнага відэазапісу, хоць СМІ актыўна спасылаліся на мясцовых відавочцаў, якія ўсё нібыта бачылі на свае вочы. Звычайна падчас такіх падзей вельмі хутка з'яўляюцца відэазапісы з момантам нападу.

Аднак крыніцы «Можам патлумачыць» у федэральных СМІ паведамілі, што іх кіраўніцтва вырашыла не адпраўляць карэспандэнтаў на месца падзей.

Сярод паведамленняў ад відавочцаў варта звярнуць увагу на пост, дзе мясцовая жыхарка апісвае «дыверсантаў» як мужчын у чорнай форме са зброяй і жоўтымі павязкамі.

Праз некаторы час тыя ж каналы паказалі відэазапіс звароту «Рускага добраахвотніцкага корпуса» і фатаграфіі нібыта з месца падзей з сяла.

Але на гэтых відэа і здымках усе апранутыя ў белую ці зялёную форму.

Па тэлеграм-каналах разышлося паведамленне аб абстралянай машыне з некалькім дзецьмі і раненні ў грудзі 10-гадовага хлопчыка Федзі. У паведамленні канала Mash фельчарка, якая нібыта ўцякла з закладнікаў,

распавядаючы пра гэтую гісторыю, згадала пра вайскоўцаў у балаклавах, хоць на фотаздымках і відэа «Рускага дабравольніцкага корпуса» ніхто не хавае сваіх твараў.

Іншыя медыя паведамлялі аб раненні і нават гібелі дзяўчынкі, але ўжо з абстралянага аўтобуса.

Канал ВЧК-ОГПУ датэлефанаваўся да дзяўчынкі Златы з нібыта абстралянай машыны. Яна сказала, што бачыла вайскоўцаў у белай і зялёнай форме. Паводле яе слоў, яны не сталі нічога рабіць, а сказалі дзецям: «Бяжыце і хавайцеся». Таксама ВЧК-ОГПУ пагаварыў з мясцовымі жыхарамі, якія паведамілі, што вайскоўцы загналі ўсіх у дамы, «пастралялі ў паветра, паўзрывалі нешта і сышлі», але пра захопы закладнікаў не чулі. Пры гэтым, дыверсанты спрабавалі павесіць сцяг, але ў іх не атрымалася.

Мясцовая жыхарка таксама адзначыла, што ў вайскоўцаў, якія ўвайшлі ў сяло, былі белыя і жоўтыя павязкі. Белыя павязкі выкарыстоўвае толькі расійская армія. Дыверсанты ж на відэа выкарыстоўваюць толькі жоўтыя павязкі, белых у іх няма.

Цэнтр грамадскіх сувязяў ФСБ заявіў, што разам з сіламі Мінабароны «праводзяцца мерапрыемствы па знішчэнні Узброеных украінскіх нацыяналістаў, якія парушылі дзяржаўную мяжу». Але мясцовыя жыхары распавялі, што ніякіх спецслужбаў яны не бачылі і не маглі ні да каго датэлефанавацца.

Урэшце, нават ваенкары прызнаюць, што дзеянні «Рускага добраахвотніцкага корпуса» выглядаюць дзіўнымі і нелагічнымі. Вайсковы аналітык Міхаіл Зінчук у сваім тэлеграм-канале выказаў здагадку, што

адзіная мэта вылазкі — гэта піяр Добраахвотніцкага корпуса, які не быў ніколі заўважаны ні ў якіх актыўных баявых дзеяннях, а існаваў толькі на паперы.

І самае галоўнае пытанне —

як некалькі дзясяткаў чалавек спакойна прайшлі са зброяй ад вёскі Любячаны да вёскі Сушаны, калі паміж імі пара дзясяткаў кіламетраў. І за ўвесь гэты час іх не сустрэлі ні паліцыя, ні армія.

Чытайце таксама:

«Нас на гэтай задачы было 45 чалавек». «Важныя гісторыі» пагутарылі з адным з байцоў «Рускага добраахвотніцкага корпуса»

«Бойцеся сваіх партызан». У офісе прэзідэнта Украіны пракаментавалі сітуацыю ў Бранскай вобласці

«Паднімайце бунт». Адказнасць за падзеі ў Бранскай вобласці ўзяў на сябе «Рускі добраахвотніцкі корпус»

У розных гарадах Расіі — выбухі, атакі беспілотнікаў, нават «пранікненне ДРГ»

Nashaniva.com