«Магчыма, гэта ўжо не А-50, а банальны Іл-76». Вайсковы эксперт ацэньвае, у якім стане можа быць расійскі самалёт пасля дыверсіі

Сёння расійскі самалёт А-50, які ўчора паказвалі прапагандысты «цэлым», паляцеў у Расію. Украінскі вайскова-палітычны аглядальнік Аляксандр Каваленка ў каментары «Нашай Ніве» разважае, у якім стане можа быць самалёт і наколькі 200 грам выбухоўкі, пра якія казаў «Байпол», маглі яго пашкодзіць. 

02.03.2023 / 14:19

Скрыншот відэа БТ

Паводле інфармацыі «Беларускага Гаюна», самалёт А-50, які нядаўна верагодна пашкодзілі беларускія партызаны, накіроўваецца на 325-ы Авіяцыйны рамонтны завод, які знаходзіцца ў Таганрозе. Менавіта ён з'яўляецца прадпрыемствам, якое ў тым ліку займаецца рамонтам агрэгатаў самалётаў А-50.

Эксперт адзначае, што магчымасць палёту пасля нанясення пашкоджанняў, пра якія заяўляў «Байпол», у А-50 магла цалкам захавацца.

«Учора мы бачылі, як ён рулюе па ўзлётна-пасадачнай паласе, і фактычна гэта кажа пра тое, што магчымасці кіравання гэтым самалётам у экіпажа ёсць.

Іншае пытанне, ці мае ён магчымасць выконваць свае асноўныя функцыі — далёкага-радыёрэлакацыйнага выяўлення і кіравання. Калі гэты комплекс атрымаў пашкоджанні, нават не нейкія глабальныя, а зусім невялічкія, якія знешне можна і не ўбачыць, то гэта ўжо не А-50, а банальны Іл-76», — лічыць Аляксандр Каваленка. 

Выбухоўкі масай нават да 200 грамаў дастаткова, каб нанесці пашкоджанні, пасля якіх самалёт будзе патрабаваць рамонту, тлумачыць вайсковы экперт. 

«Расіяне добра разумеюць, што калі яны цяпер вывядуць А-50 з тэрыторыі Беларусі ў Расію, на рамонты завод, усе гэта ўбачаць. Гэта будзе зафіксавана. І пацвердзіцца, што аперацыя па нанясенні ўдараў па А-50 была паспяховай», — мяркуе ён. 

Як дроны, якія наносілі пашкоджанні, маглі трапіць на тэрыторыю аэрадрома, які ахоўваецца? 

«Мы цяпер бачым, як пастаянна на тэрыторыі Расіі нешта адбываецца. Напрыклад, інцындэнт у Энгельсе. Тады ў гэтым абвінавацілі Украіну, хаця яна знаходзіцца ад гэтага горада за 800 кіламетраў. Ёсць жа ўсталяванае ПВА, у аэрадроме ў Мачулішчах таксама. Але што забараняе яе абміноўваць?

Паўнамаштабная вайна ва Украіне прадэманстравала тое, наколькі насамрэч малаэфектыўная расійская ПВА. Яна не выконвае цалкам свае функцыі, а яе характарыстыкі значна завышаны. Таму я не сумняваюся, што той ці іншы дрон мае усе магчымасці абмінаць расійскую ПВА (а ў Беларусі стаіць таксама яна), і здзяйсняць такім чынам налёты на аб’екты», — падсумоўвае Аляксандр Каваленка.

Кіраўнік «Байпол» Аляксандр Азараў пракаментаваў «Еўрарадыё» сённяшні ўзлёт расійскага А-50, пашкоджанага ў Мачулішчах беларускімі партызанамі.

«Мэтай атакі былі антэна і абсталяванне. Узлёт не кажа пра працу абсталявання. Крылы і рухавікі не былі пашкоджаныя».

Чытайце таксама: 

«Байпол» расказаў, чым падрывалі самалёт у Мачулішчах і што ў ім можа быць пашкоджана

З'явіўся першы спадарожнікавы здымак аэрадрома «Мачулішчы» пасля дыверсіі на ім

Падрыў расійскага самалёта на аэрадроме ў Мачулішчах ажыццявілі беларусы — Азараў

Nashaniva.com