Стогадовы панскі дом прапануюць за 37 рублёў. Ёсць ацяпленне, вада, электрычнасць, каналізацыя, тэлефон і 2 га зямлі

Стогадовы панскі дом у Ганцавіцкім раёне мінулай вясной прадавалі за $64 500 у эквіваленце, зараз гаворка ідзе ўсяго пра 37 рублёў, звярнуў увагу Onliner. Дом пабудавалі ў 1911 годзе, ён належаў памешчыкам Свяржынскім.

02.03.2023 / 10:41

Фота: planetabelarus.by

Цяпер дом адносіцца да аграгарадка Агарэвічы Ганцавіцкага раёна. Гэта гісторыка-культурная каштоўнасць, таму новаму ўладальніку трэба будзе падпісаць ахоўнае абавязацельства.

Будынак аднапавярховы, з калонамі, яго плошча — 324 «квадрата». Ёсць ацяпленне, вада, электрычнасць, каналізацыя, тэлефон.

Пры доме ёсць прыбудова, танцпляцоўка з мастом, участак больш чым на 2 гектары перададуць у арэнду на 30 гадоў.

Дом можна выкарыстоўваць пад прадпрымальніцкую дзейнасць ці пад жыллё.

Аўкцыён пройдзе 31 сакавіка.

Яшчэ нядаўна ў сядзібе размяшчалася сталовая работнікаў буйнога сельгаспрадпрыемства «Бярозавец». Аднак з часам гаспадарцы стала нявыгадна ўтрымліваць абʼект, расказвала мясцоваму выданню «Ганцавіцкі час» былая захавальніца панскага дома Галіна Куліноўская. У 90-я гады ХХ стагоддзя пры сядзібе ў Агарэвічах праводзілі конныя спаборніцтвы, не раз сюды прыязджалі і чыноўнікі: тагачасныя старшыня Саўміна Вячаслаў Кебіч, прэмʼер-міністры Міхаіл Мясніковіч і Міхаіл Чыгір.

Nashaniva.com