Нафтагазавыя даходы Расіі ў студзені ўпалі амаль на 40% у параўнанні з даваенным часам

Агенцтва Reuters са спасылкай на даныя Міжнароднага энергетычнага агенцтва паведаміла, што ў студзені 2023 года даходы Расіі ад экспарту нафты і газу знізіліся на 38 працэнтаў у параўнанні са студзенем 2022 года.

01.03.2023 / 10:50

У студзені гэтага года Масква, паводле звестак МЭА, атрымала ад нафтагазавага экспарту 18,5 мільярда даляраў, у студзені мінулага года — каля 30 мільярдаў.

Выканаўчы дырэктар МЭА Фаціх Біроль заявіў, што заходнія санкцыі ў дачыненні да расійскіх энерганосьбітаў дасягнулі сваёй мэты — стабілізавалі рынкі і скарацілі даходы Масквы.

«Мы чакаем, што зніжэнне даходаў [Расіі] ад нафты і газу будзе больш рэзкім у найбліжэйшыя месяцы. І яшчэ больш рэзкім у сярэднетэрміновай перспектыве з-за адсутнасці доступу да тэхналогій і інвестыцый», — сказаў Біроль.

Раней Мінфін Расіі паведаміў, што ў студзені 2023 года дэфіцыт расійскага бюджэту вырас у 14 разоў у параўнанні са студзенем мінулага года і склаў 1,8 трыльёна рублёў.

Nashaniva.com