Гродзенская міліцыя ліквідавала каля памежнага пункту пропуску «Прывалка» стаянку людскіх ровараў

Гродзенская міліцыя зрэзала замкі з ровараў каля пункта пропуску «Прывалка» і вывезла тэхніку, піша autogrodno.by. 

28.02.2023 / 19:41



Фота ілюстрацыйнае

Ровары на мяжы пакідалі тыя, хто хацеў хутка перабрацца ў Польшчу, мінаючы аўтамабільную чаргу. Многія ровары належаць дальнабойнікам.

Ва УУС Гродна журналістам сказалі, што ўсе ровары вывезлі ў бюро знаходак АУС райвыканкама:

«Ровары з-пад пункта пропуску «Прывалка» перамясцілі арганізавана ў сувязі з тым, што многія з іх знаходзіліся ўздоўж дарогі ўжо доўгі час. Можна сказаць, кінулі. Уласнікі ровараў могуць звярнуцца на пазначаны адрас і забраць сваю маёмасць назад. Цяпер сваіх уладальнікаў чакаюць каля трох дзясяткаў ровараў».

Для доказу міліцыянты рэкамендуюць мець пры сабе фотку ўладальніка з роварам.

Nashaniva.com