Галоўнакамандуючы ўкраінскіх ВМС: Кіеў кантралюе прыкладна траціну ўкраінскай акваторыі Чорнага мора

Камандуючы вайсковым флотам Украіны віцэ-адмірал Аляксей Неіжпапа заявіў, што на сёння «25 тысяч квадратных кіламетраў украінскага Чорнага мора з'яўляюцца шэрай зонай, куды не заходзяць караблі Расіі, баючыся знішчэння».

27.02.2023 / 16:22

Галоўнакамандуючы запэўнівае, што «гэта плошча — як тэрыторыя Адэскай і Харкаўскай абласцей разам узятых», хоць насамрэч плошча кожнай з гэтых дзвюх абласцей перавышае 30 тыс. кв. км.

«У першыя дні шырокамаштабнага ўварвання мы бачылі расійскіх захопнікаў няўзброеным вокам у моры недалёка ад Адэсы, — нагадаў віцэ-адмірал, — а цяпер яны ўжо не падыходзяць да кантраляваных намі берагоў».

Усяго ж, па словах Неіжпапы, у Чорным моры Украіне належыць «больш за 70 тысяч квадратных кіламетраў», гэта значыць у вызваленні мае патрэбу тэрыторыя, якая ў два з нечым разы перавышае па плошчы «шэрую зону».

Nashaniva.com