Літоўскія службы расследуюць, хто дапамагае пастаўляць беларускія ўгнаенні ў Еўропу. Затрымалі карбаміду на 2 млн еўра

Крымінальная служба літоўскай мытні ў супрацоўніцтве з Дэпартаментам дзяржбяспекі і Службай расследавання фінансавых злачынстваў Літвы расследуюць факт кантрабанды ўгнаенняў, вырабленых кампаніяй «Гродна Азот», якая патрапіла пад санкцыі ЕС, піша Delfi.

23.02.2023 / 15:22

Блакаванне машын з карбамідам актывістамі «Рабочага руху». Фота: t.me/rabochyruh

Дасудовае расследаванне было распачатае 13 студзеня 2023 года. Яго ўзначальвае пракурор Клайпедскай акруговай пракуратуры. Раней расследаванне не каментавалі, каб не замінаць працы.

Затрымана больш за 3 тысячы тон карбаміду (кошт угнаенняў большы за 2 млн еўра), якія везлі па чыгунцы.

У кампаніях (яны не называюцца) трох гарадоў на тэрыторыі Літвы былі праведзеныя вобшукі. Падазраюць, што гэтыя кампаніі маглі ўдзельнічаць у «ценявых» схемах для абыходу міжнародных санкцый.

У справе двое падазраваных, яны затрыманыя.

Нядаўна выйшла расследаванне, дзе сцвярджалася, што карбамід па-ранейшаму возяць з Беларусі ў іншыя краіны Еўропы — чыгуначным і грузавым транспартам.

Яго возяць нібыта ад іншай кампаніі, хоць адзіны яго вытворца ў Беларусі — «Гродна Азот».

13 лютага «Рабочы рух» паведаміў, што яны заблакавалі дзве фуры на выездзе з пагранперахода «Прывалка — Райгарад». Машыны былі загружаныя карбамідам і мелі сербскія нумары.

Nashaniva.com