Foreign Policy пра каліноўцаў: Сёння яны ваююць за Украіну, але спадзяюцца заўтра вярнуцца дадому і зрынуць Лукашэнку

Пра сваё знаёмства з байцамі беларускага палка Каліноўскага распавядае кіеўскі журналіст Foreign Policy Сэм Скоў.

20.02.2023 / 21:39

Байцы-добраахвотнікі ва Украіне. Фота тэлеграм-канала BelWarrior

Аўтар прыводзіць гісторыі асобных удзельнікаў палка. Сярод іх былы 30-гадовы IT-спецыяліст, 21-гадовы хлопец, які хаваўся ад прызыву, 57-гадовы былы электрык, які ніколі не служыў у войску, графічны дызайнер, які быў у штабе апазіцыйнага палітыка, а таксама актывісты апазіцыі.

Гэтыя гісторыі разлічаныя на замежнага чытача. Аўтар нагадвае пра асаблівасці палітычнай сітуацыі на Беларусі. Ён адзначае, што, як ні парадаксальна, але менавіта параноя Лукашэнкі адносна ўнутранай апазіцыі спрыяе вярбоўцы беларусаў у полк. Полк, паводле замежнага журналіста, з'яўляецца пунктам збору беларусаў-дысідэнтаў.

Пры гэтым асноўная каштоўнасць палка перш за ўсё сімвалічная. Байцы лічаць, што сваёй прысутнасцю яны паказваюць украінцам, што не ўсе беларусы падтрымліваюць вайну Расіі.

Яны выдатна разумеюць, што, акрамя небяспекі загінуць на полі бою, яны не могуць бяспечна вярнуцца дадому, бо вяртанне азначала бы працяглы турэмны тэрмін за знаходжанне ў палку.

Байцы мараць пра вызваленне Беларусі. Пры гэтым яны рэалістычна ацэньваюць свае шанцы.

«Палку давядзецца прайсці яшчэ доўгі шлях, пакуль ён не будзе гатовы да барацьбы з беларускай дзяржавай», заўважае ў канцы аўтар артыкула.

Nashaniva.com