Перад закрыццём памежнага пераходу ў Баброўніках затрымалі не менш за 12 мытнікаў

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, затрымана не менш за 12 мытнікаў, якія працавалі на памежным пераходзе ў Баброўніках, сцвярджае польская газета Wyborcza. Прычына — карупцыя.

11.02.2023 / 13:14

Паводле інфармацыі газеты, групу мытнікаў з Баброўнікаў затрымалі 9 лютага да прыняцця Польшчай рашэння аб закрыцці мясцовага памежнага пераходу. Імаверна, гаворка ідзе пра карупцыю. Інфармацыю аб затрыманні мытнікаў выданне атрымала ў ноч з 10 на 11 лютага, ужо пасля закрыцця памежнага пераходу (апоўдні 10 лютага).

Адзін з двух чалавек, якія перадалі выданню інфармацыю пра затрыманні, сцвярджае, што пасля затрымання мытнікаў «на гэтым пераходзе працаваць няма каму». Іх справа разглядаецца ў Беластоку пад наглядам Нацыянальнай пракуратуры Польшчы.

Nashaniva.com