Над ЗША збілі неапазнаны аб'ект. Шпіёнскім яго пакуль не называюць

Праз тыдзень пасля інцыдэнту з кітайскім зондам у небе над ЗША зноў збіты лятаючы аб'ект. Гэтым разам збіты аб'ект ляцеў над Аляскай і быў памерам з невялікі аўтамабіль.

11.02.2023 / 10:24

Тыдзень таму ЗША збілі кітайскі зонд

Прадстаўнік Белага дома Джон Кірбі не стаў выказваць здагадкі аб яго магчымых функцыях, сказаў толькі, што аб'ект быў збіты, бо уяўляў пагрозу для грамадзянскай авіяцыі, піша Бі-бі-сі.

Па словах Кірбі, улады ЗША на гэты момант не могуць сказаць нічога канкрэтнага аб паходжанні і фізічных даных аб'екта, але ён быў нашмат меншы па памеры, чым нядаўна збіты вайскоўцамі ЗША паветраны шар, які ўлады краіны лічаць часткай шпіёнскай праграмы Кітая.

Вайскоўцы назіралі за аб'ектам 24 гадзіны, перш чым ён быў збіты знішчальнікам F-22 у 13:45 па мясцовым часе ў пятніцу па рашэнні прэзідэнта Байдэна. Гэтую інфармацыю пацвердзіў Пентагон.

«Усё прайшло паспяхова», — пракаментаваў сітуацыю сам амерыканскі прэзідэнт у інтэрв'ю тэлеканалу CNN.

Ніякіх іншых аб'ектаў, якія ўяўляюць патэнцыйную пагрозу, у паветранай прасторы над ЗША заўважана не было, паведамілі ў Белым доме.

«Пагроза грамадзянскай авіяцыі»

Цяперашні аб'ект, абломкі якога спецыялісты будуць вызваляць са льдоў ля ўзбярэжжа Аляскі, быў упершыню заўважаны разведвальнымі службамі ў чацвер на паўночным усходзе Аляскі, недалёка ад мяжы з Канадай.

Па словах Кірбі, пілоты, агледзеўшы аб'ект, прыйшлі да высновы, што людзей у ім няма.

«Неапазнаны аб'ект ляцеў на вышыні 40 тыс. футаў [каля 12 км] і ўяўляў сабой некаторую пагрозу грамадзянскай авіяцыі», — сказаў прадстаўнік Белага дома.

Nashaniva.com