Расія выпусціла ўчора больш за 100 ракет па Украіне

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) у сваім штодзённым бюлетэні піша аб серыі расійскіх удараў ракетамі і дронамі, нанесеных у пятніцу. Па даных украінскіх улад, па тэрыторыі краіны было выпушчана больш за 100 ракет і сем беспілотнікаў Shahed.

11.02.2023 / 09:08

Аналітыкі ISW адзначаюць, што расійскі бок перабольшвае эфектыўнасць падобных удараў, якія патрабуюць боепрыпасаў, колькасць якіх абмежаваная.

Значных змен лініі фронту няма: расійскія сілы працягваюць атакаваць на паўночны захад ад Сватава і Крамянной (Луганская вобласць), у раёне Бахмута і на захадзе Данецкай вобласці; паведамлялася аб асобных баях у Запарожскай вобласці.

У зводцы таксама апісваецца эпізод з расійскай калонай бранятэхнікі, якая, як пішуць «ваенкараўскія» тэлеграм-каналы, была разгромленая ў раёне Вуглядара. ISW называе гэтую гісторыю свежым болевым пунктам у інфармацыйнай прасторы. Расійскія праваенныя блогеры абураюцца тым, што калона стала лёгкай мішэнню праз адсутнасць належнага прыкрыцця: адны ўскладаюць адказнасць за гібель байцоў і знішчэнне тэхнікі на генерала Рустама Мурадава (пад яго камандаваннем у лістападзе расіяне штурмавалі Паўлаўку — таксама са значнымі стратамі), іншыя заклікаюць да публічных трыбуналаў над камандзірамі, якія праштрафіліся.

Такога кшталту крытыка характэрная для расійскіх праваенных блогераў, адзначае ISW: ускладанне віны за правалы на асобных афіцэраў адводзіць увагу ад сістэмных праблем расійскіх Узброеных сіл, у прыватнасці, ад дрэннай падрыхтоўкі мабілізаваных. Расійскія вайскоўцы афіцыйна не каментавалі страты пры няўдалай спробе наступу пад Вуглядарам.

Nashaniva.com