Польшча гатовая перадаць Кіеву знішчальнікі, але не будзе рабіць гэта першай з краін НАТА

Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі, прыбыўшы на саміт лідараў ЕС у Бруселі ў чацвер, паведамляе «Еўрапейская праўда».

09.02.2023 / 13:41

«Наша пазіцыя тут адназначная. Можам дзейнічаць толькі сумесна ў рамках цэлага аб'яднання Паўночнаатлантычнага дагавора. Калі такое рашэнне будзе, то мы не будзем тымі першымі, хто дасць знішчальнікі, але, напэўна, будзем станоўча адказваць на гэта», — сказаў Маравецкі.

Ён падкрэсліў, што даць Украіне сучасныя баявыя самалёты першымі маглі б тыя краіны, хто мае іх больш за ўсё. Маравецкі адзначыў, што ў Польшчы недастаткова знішчальнікаў, таму яна замовіла новыя F-35.

Польшча выступае за тое, каб заходнія лідары на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы не проста абмеркавалі магчымасць перадачы знішчальнікаў Украіне, а прынялі рашэнне па гэтым пытанні.

Раней у Польшчы заявілі, што не вядуць размоў аб магчымай перадачы Украіне шматмэтавых знішчальнікаў F-16.

Nashaniva.com