У Горках увялі плату за карыстанне бегавой дарожкай на стадыёне

Адміністрацыя гарадскога стадыёна ў Горках пачысціла ад снегу адну бегавую дарожку і ўвяла плату за карыстанне ёй — 2,20 рубля за адну гадзіну, пішуць horki.info.

06.02.2023 / 20:44

Фота ілюстрацыйнае

«Вельмі цікавая гісторыя. Цяпер, каб людзям схадзіць на стадыён, трэба заплаціць 2,20 за гадзіну, — абураюцца жыхары райцэнтра ў сацыяльных сетках. — Гэта без інструктара і медработніка — проста пахадзіць па стадыёне. Там шмат людзей пенсійнага ўзросту і тых, хто аднаўляецца пасля інсульту. Ну, хоць інвалідам бясплатна».

Horki.info спраўдзілі інфармацыю пра новаўвядзенне ў адміністрацыі стадыёна. Аказалася, што сапраўды, гадзіна карыстання бегавой дарожкай каштуе 2 рублі 20 капеек з чалавека. Гэты фармат працы праходзіць у тэставым рэжыме.

Расчышчаная пакуль толькі адна дарожка па крузе. Адначасова карыстацца ёй могуць некалькі чалавек. Наведвальнікам дазволяць таксама карыстацца распранальняй.

Nashaniva.com