Веніямін сустрэўся з бацькамі дзяўчатак, якія спалілі папяровы абраз

Афіцыйныя СМІ распаўсюдзілі інфармацыю, што мітрапаліт Веніямін пасля скандалу, што ўзнік пасля затрымання дзвюх школьніц, якія падпалілі папяровы абраз каля Свята-Духава кафедральнага сабора Мінска, сустрэўся з іх бацькамі. Рыторыка — прымірэнчая.

05.02.2023 / 15:51

Фота: church.by

«Патрыяршы Экзарх не толькі сустрэўся з бацькамі падлеткаў, але і хадайнічаў аб тым, каб дзяўчатак не прыцягвалі да крымінальнай адказнасці. З імі таксама размаўляў святар кафедральнага сабора», — пракаментаваў сітуацыю кіраўнік інфармацыйнага аддзела БПЦ.

Пры гэтым адзначаецца, што «шэраг тэлеграм-каналаў паспрабаваў выкарыстаць выпадак у непрыстойных мэтах, спасылаючыся пры гэтым на недакладную інфармацыю».

«Складана сказаць, чым кіраваліся гэтыя школьніцы. Наўрад ці гэта было жаданне неяк спецыяльна абразіць Царкву. Хутчэй за ўсё яны хацелі, як кажуць у маладзёжным асяроддзі, «злавіць хайп» у сацсетках. Нам бы вельмі хацелася, каб дзяўчаткі шчыра зразумелі памылковасць сваіх дзеянняў. Бо Царква жадае кожнаму чалавеку «выратавацца і ў розум ісціны прыйсці» і звяртаецца з гэтай малітвай да Бога», — заявіў кіраўнік інфармацыйнага аддзела БПЦ іерэй Ігар Васько.

Раней праходзіла інфармацыя, што на перадачы гэтай справы ў Следчы камітэт настойваў сам мітрапаліт Веніямін.

Чытайце таксама:

Хрысціянская візія: Да крымінальнай справы на дзяўчынак, што спалілі папяровую ікону, прыклаў руку мітрапаліт Веніямін

У Мінску падлеткі палілі каля царквы абраз Божай Маці

Nashaniva.com