ЗША выдзелілі Украіне новы пакет вайсковай дапамогі: даюць і снарады далёкасцю да 150 км

Злучаныя Штаты вылучаюць для Украіны новы пакет вайсковай дапамогі на 2,2 мільярда даляраў. Пра гэта заявіў прадстаўнік Пентагона брыгадны генерал ВПС ЗША Патрык Райдэр, перадаюць інфармагенцтвы.

03.02.2023 / 23:13

GLSDB. Фота: defence-ua.com

Генерал расказаў пра ўзбраенні, якія ўвойдуць у гэты пакет: «Пакет уключае ў сябе супрацьтанкавыя ракеты Javelin, артылерыйскія боепрыпасы, а таксама звычайныя і дальнабойныя ракеты для HIMARS».

Са слоў Райдэра стала вядома, што Злучаныя Штаты дакладна маюць намер перадаць Украіне снарады GLSDB з сістэмай саманавядзення.

«У рамках праграмы USAI мы дамо Украіне GLSDB», — падкрэсліў генерал, адказваючы на пытанне журналіста.

Гэта першае афіцыйнае пацвярджэнне, што ЗША гатовыя ўключыць у дапамогу Украіне гэты тып боепрыпасаў з сістэмай саманавядзення на цэль і далёкасцю да 150 км. Раней уся інфармацыя аб магчымасці пастаўкі УСУ такіх боепрыпасаў паходзіла з неафіцыйных або ананімных крыніц.

GLSDB спалучае крылатую авіябомбу малога дыяметра GBU-39 з разгонным блокам ад рэактыўнага снарада M26, якую можна запускаць з HIMARS/MLRS. Навядзенне на цэль — праз GPS і інерцыйнае. Пасля запуску бомба аддзяляецца ад ракеты ў палёце, выпускае мінікрылы і ўжо так ляціць да цэлі.

Nashaniva.com