Сябровак у Мінску асудзілі за знявагу дзяржаўнага сцяга

У судзе Савецкага раёна Мінска 24 студзеня вынесены прысуд 18-гадовай Дар’і Ганіч і 19-гадовай Кацярыне Снігіровай, якіх абвінавацілі ў знявазе дзяржаўных сімвалаў паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса, паведамляе «Вясна».

03.02.2023 / 10:18

Справу разглядала суддзя Алена Жуковіч.

Паводле абвінавачання, сяброўкі 22 лістапада 2022 года, знаходзячыся каля будынка інтэрната КТУП «Мінскі Камароўскі рынак» сарвалі з фасада гэтага будынка дзяржаўны сцяг. Затым дэманстратыўна махалі ім, ідучы па вуліцы Беламорскай, пасля чаго кінулі яго на зямлю.

Пры гэтым свае дзеянні здымалі на камеру мабільнага тэлефона, а фота — і відэафайлы выкладвалі ў групу ў сацыяльнай сетцы, чым публічна зняважылі дзяржсімволіку.

Падчас судовага пасяджэння дзяўчаты прызналі віну ў поўным аб'ёме і чыстасардэчна раскаяліся.

Суд пастанавіў прызначыць Кацярыне Снігіровай абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 1 год 6 месяцаў, а Дар’і Ганіч — арышт на тэрмін 3 месяцы.

Nashaniva.com