У Мінску падлеткі палілі каля царквы абраз Божай Маці

Увечары 28 студзеня каля Свята-Духава кафедральнага сабора ў Мінску дзве 15-гадовыя дзяўчынкі падпальвалі абраз Божай Маці Мінскай. Пры гэтым яны фатаграфавалі свае дзеянні і здымалі іх на відэа, паведаміў Следчы камітэт.

01.02.2023 / 19:50

Паводле матэрыялаў следства, спыніла дзяўчат прыхаджанка, якая забрала ў іх абраз і аднесла яго ў царкву. Самі ж дзяўчаты спачатку сышлі, але пасля іх знайшлі і затрымалі.

Дзяўчаты вучацца ў 10-м класе адной са сталічных школ, у дачыненні да іх завялі крымінальную справу па ч. 2 арт. 339 (злоснае хуліганства) Крымінальнага кодэкса. Следчыя сцвярджаюць, што нібыта ў мабільным тэлефоне адной з іх «выяўленыя фота свастыкі і іншыя фота нацысцкай накіраванасці». 

З прыкладзенага да паведамлення відэа зразумець, якая была мэта гэтай акцыі, немагчыма: на відэа адна з дзяўчат расказвае толькі пра яе тэхнічны бок.

Nashaniva.com