Прапагандысты прапануюць уключыць у камісію Шведа псіхолага — каб ацэньваў шчырасць пакаяння

У ток-шоу на СТБ абмеркавалі, што рабіць з тымі, хто з'ехаў з Беларусі праз палітычны пераслед. «Можна пакаяцца, але ці будзе гэта шчыра?» — разважалі прапагандысты.

30.01.2023 / 14:09

Скрышот відэа СТБ

Сярод прапаноў прагучала ўключыць псіхолага ў камісію з пракурораў, якія будуць вырашаць, ці можа чалавек спакойна вярнуцца.

«Вельмі вялікая карысць будзе, калі ў камісіі будзе спецыяліст, які будзе ацэньваць псіхалагічны стан чалавека, які прыйшоў пакаяцца. Бо не ўсе будуць рабіць гэта шчыра — абы іх прынялі», — прапанавала псіхолаг Анжаліка Сафонава.

«Дарэчы, хачу сказаць, што не ва ўсіх краінах у такіх выпадках быў бы такі прывілей — вярнуцца. Пры такіх умовах, пры такой дзейнасці, якую выбралі тут людзі. Хтосьці ўцёк сапраўды па сур'ёзных прычынах, хтосьці проста памыліўся», — дадала яна.

Анжаліка Сафонава — часты госць прапагандысцкіх тэлеперадач.

Швед супакойвае: Калі камісія прызнае, што да чалавека прэтэнзій няма, то нешта супраць яго рабіць можна толькі са згоды генпракурора

Nashaniva.com