У Расіі падазраюць масквіча ў тым, што ён зʼяўляецца ўладальнікам Nexta Live. Nexta Live гэта абвяргае

Baza апублікавала інфармацыю, што маскоўскія следчыя западозрылі 27-гадовага жыхара Масквы ў тым, што ён з'яўляецца ўладальнікам праекта Nexta Live. Канал адказаў, што гэта ўкід, у рэдакцыі наогул няма грамадзян РФ.

28.01.2023 / 16:52

Сёння Baza паведаміла, што маскоўскія следчыя зацікавіліся тэлеграм-каналам Nexta Live з-за публікацый ад сярэдзіны сакавіка мінулага года. Яны нібыта вылічылі, што каналам валодае 27-гадовы Алег С., які пражывае ў Маскве, нібыта на яго запісаная сімка, на якую аформлены канал.

NEXTA Live адказаў, што гэта няпраўда.

«Па-першае, сам факт таго, што наш супрацоўнік можа знаходзіцца ў Расіі ці Беларусі — гэта абсурд. У мэтах бяспекі ні адзін з дзейных прадстаўнікоў рэдакцыі не наведвае названыя краіны. Па-другое, у рэдакцыі NEXTA няма грамадзян РФ», — напісалі ў канале.

Канал выказаў здагадку, што расійскія сілавікі «захацелі атрымаць зорачку, не прыкладаючы лішніх высілкаў».

NEXTA Live — буйны тэлеграм-канал з 1,3 млн падпісчыкаў. Яго заснаваў беларус Сцяпан Пуціла.

Nashaniva.com