Канцлер Шольц: Наша мэта ясная — у Расіі не павінна атрымацца зрушыць межы з ужываннем сілы

Канцлер ФРГ Олаф Шольц даў жыхарам сваёй краіны абяцанне старанна ўзважваць усе крокі па Украіне і ажыццяўляць іх толькі разам з партнёрамі. Пра гэта ён заявіў у штотыднёвым звароце, тэкст якога апублікавала прэс-служба ўрада ў суботу.

28.01.2023 / 12:53

Олаф Шольц. Фота Michael Sohn, AP

«Многія грамадзяне моцна занепакоеныя. Вядома, вы хочаце міру ў Еўропе, каб вайна не станавілася бліжэйшай, каб урад і канцлер захоўвалі нервы. Менавіта гэта я вам абяцаю, даверцеся ўраду і мне. Мы прымаем рашэнні, якія заўсёды ўзважваюцца і ўзгадняюцца на міжнародным узроўні», — сказаў Шольц.

Ён сцвярджаў, што Берлін «прадухіляе эскалацыю, вайны паміж Расіяй і NATO быць не павінна». «Я абяцаю вам, што бяспека Германіі пастаянна застаецца ў цэнтры ўвагі», — дадаў кіраўнік урада.

«Наша мэта ясная — у Расіі не павінна атрымацца зрушыць межы з ужываннем сілы», — адзначыў канцлер.

Nashaniva.com