Сахашчык паабяцаў сфармаваць часць з беларусаў-добраахвотнікаў ва Украіне да вясны 

Вайсковую часць беларусаў-добраахвотнікаў у складзе Узброеных сіл Украіны сфармуюць да вясны. Пра гэта ў панядзелак на сустрэчы ў Варшаве заявіў прадстаўнік па пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі, кіраўнік Дэпартамента нацыянальнай бяспекі Валерый Сахашчык, паведамляе «Еўрарадыё».

23.01.2023 / 23:52

Фота: Беларускі моладзевы хаб

«Такая часць існуе. Яна цяпер камплектуецца, — кажа Сахашчык. — Да канца лютага яна скончыць камплектаванне, падрыхтоўку і прыступіць да выканання заданняў баявых… Не так мала людзей там. Ёсць афіцэры беларускія.

Вядомая рэч, што камандуе часцю афіцэр украінскі. Кіраванне часці ўсё украінскае, бо, згодна з заканадаўствам Украіны, інакш на сённяшні дзень быць не можа. Мы ініцыявалі змены да заканадаўства, каб быў дазвол афіцэрам-беларусам займаць афіцэрскія пасады ва Узброеных сілах Украіны.

Але я не ведаю, калі будзе вынік з гэтага і ці будзе наогул. Пытанне не такое простае».

Пра тое, што ва Украіне створаная новая вайсковая часць з беларусаў-добраахвотнікаў, Сахашчык заявіў на пачатку снежня 2022 года. Паводле яго слоў, яна атрымае сучаснае ўзбраенне. 

Nashaniva.com