Андрэй Янушкевіч: Літаральна з мінулага тыдня дзейнічае польскі гаспадарчы суб’ект — выдавецтва «Янушкевіч»

Паўгода таму праз палітычны пераслед адзін з самых паспяховых беларускіх выдаўцоў Андрэй Янушкевіч вымушана з’ехаў за мяжу. Пасля ў сваіх інтэрв’ю ён упэўнена казаў: «Абавязкова працягну выпускаць кнігі». І абяцанне стрымаў. Цяпер афіцыйна: знакамітае выдавецтва аднаўляе сваю дзейнасць у Варшаве, а пра будучыя перспектывы яго заснавальнік расказаў Budzma.org.

23.01.2023 / 17:17

«19 студзеня я зарэгістраваўся і цяпер маю нумар падаткаплацельшчыка, рахунак у банку, на якім пакуль 0 злотых, ну і ў пуць-дарожку, як кажуць», — дзеліцца навінамі выдавец.

— Хоць нас і закрылі ўлады, адабралі выдавецкую ліцэнзію, мы да гэтага кроку ставімся па-будысцку: самі для сябе нічога не закрывалі.

Андрэй Янушкевіч іранічна заўважае, што Дэпартамент фінансавых расследаванняў увогуле зрабіў яго выдавецтву найлепшую рэкламу.

— За 2021 год аўдыторыя пакупнікоў вырасла ў чатыры разы!

Сваю варшаўскую дзейнасць выдавецтва «Янушкевіч» распачне з перавыдання знакамітага рамана Эрнэста Хемінгуэя «І ўзыходзіць сонца». У перакладзе Юркі Гаўрука кніга ўпершыню выйшла ў 1977 годзе і, па словах Андрэя Янушкевіча, была падзабытая. Летась на твор, які прынёс Хемінгуэю сусветную вядомасць, вызваліліся аўтарскія правы.

— Хемінгуэй — гэта голас загубленага пакалення Першай сусветнай, і я лічу, што пасля пачатку вайны ва Украіне гэты пісьменнік становіцца вельмі актуальным. Гэтак жа, як актуальнымі становяцца творы Рэмарка, Фіцджэральда. Так, з аднаго боку, мы ўзялі гатовае. А з іншага, мы далі яму новае жыццё.

Раман «І ўзыходзіць сонца» выйдзе на пачатку лютага. Андрэй Янушкевіч кажа, што для выдавецтва гэта будзе эксперымент. Адначасова з’явяцца тры версіі — папяровая, электронная і аўдыя.

— Паглядзім, як на гэта будзе рэагаваць беларускі чытач.

— А які яго, беларускага чытача, далейшы лёс? Ці не знікне ён неўзабаве як клас?

— Можна адказаць зусім банальна, што пакуль будзе беларуская нацыя, самаўсведамленне, будзе існаваць і беларускі чытач. Але мы сапраўды пастаянна змагаемся за ўвагу. Цяпер вельмі шмат захапляльнага кантэнту — і стрымінгавыя сэрвісы, і відэагульні, і невядома што. І насамрэч паўстае пытанне: дзе мы ў гэтым працэсе? Але беларуская кніга запатрабаваная, бо гэта свой прадукт. Няважна — перакладная гэта літаратура ці не.

На пачатку я быў вельмі скептычна настаўлены да таго, наколькі вялікай можа быць аўдыторыя беларускага чытача за мяжой. Але жыццё паказала, што я не меў рацыі.

Беларусы за мяжой не расчаравалі. Яны сапраўды хочуць чытаць, маюць патрэбу ў добрай беларускай кнізе, і я лічу, што беларускія выдаўцы павінны задавольваць гэтую патрэбу. Бо калі мы не будзем гэтага рабіць, гэта зробяць іншыя.

— Вялікая адказнасць на вас…

— Я заклікаю сваіх калег, якія ці добраахвотна, ці пад прымусам прыпынілі сваю працу, шукаць магчымасці да аднаўлення выдавецтва. У гэтым ёсць патрэба. З гэтага можна жыць, з гэтага можна атрымліваць велізарнае і маральнае, і культурнае задавальненне. Бо беларускі чытач існуе. Ці будзе ён існаваць? Гэта залежыць ад беларускага выдаўца. Залежыць ад таго, ці будзем мы даваць гэтаму беларускаму чытачу новыя кнігі.

Nashaniva.com